«Паэт» Рубінаў: Беларусы забеглі некалькі наперад па росце дабрабыту
79- 18.11.2011, 15:14
Па словах «паэта» Рубінава, рост коштаў на некаторыя тавары і паслугі чакаецца, але толькі ў разумных межах.
Старшыня так званага Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў сёння сустрэўся з дэпутацкім актывам Магілёўскай вобласці ў Асіповічах, перадае БелТА.
Па словах Рубінава, рост коштаў на некаторыя тавары і паслугі чакаецца, але толькі ў разумных межах. У тым ліку гэта датычыцца і паслуг ЖКГ - бо трэба іх неяк акупаць ў сувязі з ростам коштаў на імпартуемыя энергарэсурсы.
Дзяржава таксама працягне палітыку падтрымкі так званых малаабароненых катэгорый насельніцтва. Падыход да сацыяльнага забеспячэння застанецца ранейшым, але асаблівая ўвага будзе нададзеная людзям з нізкім прыбыткам.
На думку Анатоля Рубінава, рост коштаў - гэта заканамернасць ўваходжання ў рынкавую эканоміку, то значыць, Беларусь паступова прыходзіць да рэальных коштаў і заробкаў. Заробкі таксама будуць расці, але толькі ў адпаведнасці з тым, як «мы іх будзем зарабляць», адзначыў Рубінаў, дадаўшы, што крыху раней беларусы забеглі некалькі наперад па росце дабрабыту, а цяпер выходзяць на больш рэальны ўзровень жыцця.
«У Беларусі ёсць дадатковыя рэсурсы і рэзервы, якія дадуць нам магчымасць паскорана развівацца і ў самы бліжэйшы час выйсці на больш стабільны шлях развіцця», - упэўнены Анатоль Рубінаў.