18 траўня 2024, Субота, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманы ў Крупках: «Нас білі і палохалі: казалі, зараз згвалцім» (Відэа)

92
Затрыманы ў Крупках: «Нас білі і палохалі: казалі, зараз згвалцім» (Відэа)

«Нас білі і палохалі: казалі, маўляў, цяпер на дубінку апранем кандом і згвалцім».

21 лістапада ў Крупках, дзе ў пятніцу і суботу амапаўцы зладзілі сапраўднае пабоішча, затрымаўшы і збіўшы некалькі дзесяткаў чалавек, прайшлі суды. Затрыманыя атрымалі штрафы ў 700 тысяч рублёў.

«У пятніцу пасля дыскатэкі мы з сябрам зайшлі ў краму, каб набыць вады. Туды ўварваліся людзі ў чорнай форме і пачалі даволі груба сябе паводзіць: «тыкалі» ўсім, штурхаліся. Я зрабіў ім заўвагу і апынуўся ў аўтазаку. Там ужо знаходзілася некалькі хлопцаў. Нас паклалі варамі ў падлогу, білі, палохалі: казалі, маўляў, цяпер на дубінку апранем кандом, здымем штаны і згвалцім», - распавёў Руслан (на фота), адзін з затрыманых, выпускнік Акадэміі МУС, які не змог працаваць па спецыяльнасці.

У панядзелак былога курсанта Акадэміі МУС адпусцілі: у залу суда была выкліканая прадавачка крамы, дзе адбылося затрыманне, якая дала паказанні на карысць хлопца, паведамляе ex-Press.by.

Астатнія затрыманыя атрымалі пакаранне ў выглядзе штрафаў у 700 тысяч рублёў. Ім ставілася ў віну альбо супраціў супрацоўнікам міліцыі альбо нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы. Многія затрыманыя мелі відавочныя прыкметы збіцця: кровападцёкі на твары, а адзін з хлопцаў паказаў у судзе сінякі на спіне. Спецназаўцы, якія ва ўсіх выпадках прысуджэння адміністрацыйных пакаранняў выступалі ў якасці сведак, пры гэтым патлумачылі, што затрыманыя аказвалі супраціў.

Суды прайшлі не над усімі затрыманымі, частка з іх да гэтага часу знаходзіцца ў ІЧУ і чакае судоў у аўторак. Жыхары Крупак паміж тым прызнаюцца, што цяпер жывуць у сталым страху за сваіх дзяцей. У зале суду маці дзяўчыны, што прысутнічала пры суботнім захопе хлопцаў, запыталася ў суддзі: «А нам як цяпер жыць? Адпусціш дзіцёнка на дыскатэку, а потым не будзеш ведаць, дзе шукаць!». Суддзя адказу не даў.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках