Былы галоўны ДАІшнік Жлобіна апынуўся пад следствам
6- 17.06.2026, 12:22
- 1,794
Яму прад'явілі падазрэнне ў хабарніцтве.
Былы начальнік АДАІ АУС Жлобінскага райвыканкама падпалкоўнік Дзмітрый Салук затрыманы па абвінавачанні ў крымінальным злачынстве. Пра гэта раней паведамляў канал «Свабодны Жлобін», а цяпер «Флагшток» змог пацвердзіць інфармацыю.
Пасля нядаўняга звальнення з РАУС Салук працаваў у жлобінскім «Жылкамсэрвіс два». На званок ад імя грамадзяніна ў адміністрацыю гэтай арганізацыі журналісту адказалі, што з Салукам пагаварыць нельга:
«Ён яшчэ не хутка з'явіцца, ён пад следствам».
Паводле інфармацыі «Свабоднага Жлобіна», галоўнага ДАІшніка звольнілі пасля таго, як яму прад'явілі падазрэнне ў хабарніцтве. Але адразу пад арышт яго не ўзялі, таму ён уладкаваўся на працу ў сістэму ЖКГ. Цяпер Салука ўсё ж такі вырашылі арыштаваць. Афіцыйныя рэсурсы пра гэта пакуль нічога не паведамлялі.
«Колькі вяровачцы ні віцца... Вельмі любіў ён гэтую фразу ўсім казаць», — напісаў у каментарыях пад навіной у сацсетцы адзін з карыстальнікаў.
Раней, як пісаў сайт Charter97.org, экс-старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў знайшоўся ў СІЗА.