Стала вядома, колькі ракет «Арэшнік» засталося ў РФ
4- 17.06.2026, 12:45
- 5,070
Аналітыкі ISW падлічылі.
РФ, верагодна, мае ў сваім запасе толькі адну дзейную балістычную ракету сярэдняй далёкасці «Арэшнік». Пра гэта паведамляюць аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны (ISW), дадаючы, што Масква імкнецца нарасціць вытворчасць гэтых сродкаў паражэння.
Аналітыкі адзначаюць, што Пуцін выдаў дырэктыву аб паскарэнні вытворчасці чатырох дадатковых БРСД «Арэшнік» пасля першага прымянення па Дніпры ў лістападзе 2024 года. З таго часу РФ запусціла дзве з іх па Украіне – па Львове і Беле Царкве. Яшчэ адна ракета ўпала на акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці. Улічваючы гэта, адзначаюць аналітыкі, у РФ можа заставацца толькі адна такая ракета.
Эксперты спасылаюцца на крыніцы аналітычнай групы Dallas Analytics у Мінабароны РФ. Тыя паведамляюць, што вытворцам «Арэшніка» давялося абысці пратаколы забеспячэння якасці, каб утрымаць тэмпы, патрабаваныя Пуціным.
У прыватнасці, Dallas Analytics атрымалі канфідэнцыяльныя расійскія дакументы, у якіх паведамляецца пра ўразлівасць у авіяцыйным гіраскопе ГУ-503 савецкай распрацоўкі. Што фактычна парушае магчымасці дакладнага навядзення БРСД «Арэшнік» і прыводзіць да адхілення ракеты на дзясяткі кіламетраў ад мэты.