«Беларусбанк» папоўніўся БРСМаўцамі
19- 20.06.2011, 13:52
Беларускіх банкіраў вырашылі ўмацаваць ідэалагічна.
«Забеспячэнне нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь як важнейшы фактар развіцця дзяржавы ў сучасных умовах». Па такой тэме прайшоў 15 чэрвеня ў цэнтральным офісе ААТ «АСБ Беларусбанк» адзіны дзень інфармавання.
Як паведамляе прэс-служба банка, асноўныя палажэнні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, зацверджанай Указам Аляксандра Лукашэнкі, у сваім выступе выказаў Дзяржсакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў.
Ён адзначыў, што забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу рэспублікі, устойлівага эканамічнага развіцця і высокай канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, дасягненні высокага ўзроўню і якасці жыцця грамадзянаў, што вызначана як стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы - неабходная аснова для будаўніцтва моцнай і квітнеючай дзяржавы з шматвектарнай міжнароднай палітыкай і сацыяльна арыентаванай эканомікай.
Пры гэтым важнымі фактарамі забеспячэння нацбяспекі, па словах дзяржсакратара Савета бяспекі, з'яўляюцца «збалансаванасць інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, стабільнасць у эканоміцы».
«Зыходзячы з Канцэпцыі, стаіць задача: працягнуць актыўнае фарміраванне ўмоваў, у якіх краіна будзе паспяхова развівацца, а беларускія грамадзяне - адчуваць сваю абароненасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні», - падкрэсліў Мальцаў.
У межах мерапрыемства ва ўрачыстай абстаноўцы Старшыня Праўлення Беларусбанка Надзея Ермакова ўручыла білеты сябраў і значкі працаўнікам банка, якія ізноўку уступілі ў шэрагі РГА «Белая Русь» і ГА «БРСМ».