Лябедзьку не аддаюць пашпарт
28- 31.08.2011, 9:40
Нягледзячы на закрыццё крымінальнай справы лідэру Аб'яднанай грамадзянскай партыі адмаўляюцца вяртаць пашпарт.
Нагадаем, што следчыя адабралі галоўны дакумент у палітыка пасля вызвалення лідэра АГП з турмы пад падпіску аб нявыездзе яшчэ ў красавіку.
Згодна з адказам следчага ўпраўлення, пашпарт Анатоля Лябедзька быў «прымацаваны» да матэрыялаў крымінальнай справы, паведамляе udf.by.
Напярэдадні старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі праз свайго адваката атрымаў арыгінал пастановы аб закрыцці справы, аднак аддаць канфіскаваныя рэчы следчыя па-ранейшаму адмаўляюцца.
- У мяне на руках цяпер нават сама пастановы аб закрыцці справы. Там гаварыцца «не здабыта доказаў вінаватасці і таму крымінальная справа закрытая». Толькі што я звязваўся са следчым КДБ, нягледзячы на тое, што ёсць такое рашэнне, пашпарт пакуль я не атрымаў, як і астатнія рэчы, канфіскаваныя ў мяне падчас ператрусу.
Правая рука робіць адно, левая іншае - гэта тыповая дэсінхранізацыя дзеянняў прадстаўнікоў улады. Калі Лукашэнка робіць гучныя заявы аб круглых сталах і перспектывах нейкіх перамоваў, для мяне асабіста гэта гучыць, як набор папулісцкіх заяваў перад днём, калі вырашаецца заяўка ў МВФ на атрыманне крэдыту. Але сама беларуская ўлада пры гэтым не змяняецца ні на ёту: доказ гэтаму - бяспраўная сітуацыя з маімі дакументамі, - сказаў лідэр АГП.
Анатоль Лябедзька лічыць, што канфіскацыя ягонага пашпарта неабходная следчым выключна з мэтай нейтралізацыі палітычнай дзейнасці палітыка - ужо больш чым паўгода старшыня адной з найбольш буйных апазіцыйных партый Беларусі фактычна не мае магчымасці выязджаць з краіны.