Іосіф Сярэдзіч: Больш няма моцы судзіцца
9- 9.08.2011, 12:06
Галоўны рэдактар «Народнай Волі» не бачыць сэнсу абскарджваць прысуд.
«Гэтыя суды, зборы дасталі, як кажуць, апошнія кішкі. Трэба проста працаваць, рыхтаваць наступныя нумары, газета павінная быць цікавай, папулярнай і выконваць сваю першасную місію», - заявіў галоўны рэдактар газеты «Народная Воля», каментуючы Белсату рашэнне Вярхоўнага гаспадарчага суда аштрафаваць выданне.
Рашэнне прынятае па адміністратыўнай справе, якую распачало ГУУС Менгарвыканкама па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі. Частка 3 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне сродкам масавай інфармацыі заканадаўства аб друку і іншых СМІ паўторна на працягу аднаго года пасля вынясення пiсьмовага папярэджання) прадугледжвае пакаранне штрафам ад 100 да 500 базавых велічыняў.
На працягу года «Народная воля» атрымала два папярэджанні, адно з якіх тычыцца фармальнасцяў - на думку Міністэрства інфармацыі, у газеце былі няправільна пазначаныя выходныя дадзеныя. Выданню нават пагражала закрыццё, аднак Міністэрства інфармацыі вырашыла адклікаць адпаведны пазоў і пакараць рэдакцыю фінансава. Сума штрафу складае 14 млн руб.
«Я лічу, што няма сэнсу абскарджваць, бо вынік будзе той жа самы», - падкрэсліў Іосіф Сярэдзіч. Ён упэўнены, што газету пераследуюць за прынцыповую пазіцыю і па палітычных матывах.