Воўчак: Смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў
25- 2.09.2011, 16:46
Былы следчы пракуратуры Алег Воўчак сумняецца ў афіцыйнай версіі смерци Алега Бябеніна.
«У мяне як у следчага засталося вельмі шмат пытанняў, - сказаў Воўчак. - Па-першае, следства так і не ўсталявала матыў самагубства. Не былі прынятыя да ўвагі паказанні сяброў і сваякоў, якія сцвярджалі, што Бябенін напярэдадні быў бадзёры, энергічны, поўны планаў, збіраўся ісці з сябрамі ў тэатр. Па-другое, не былі прынятыя да ўвагі і паказанні людзей, якія знайшлі цела журналіста: што ў яго ненатуральна была вывернутая нага і на целе меліся сінякі. Следства адразу ж прыняло толькі адну версію - самагубства».
«Калі б Бябенін быў падаўлены, гэта б заўважылі сябры. Калі б на яго чымсьці ціснулі, пагражалі б яму, ён бы распавёў пра гэта. У яго было шмат сяброў. Але нічога такога не назіралася. Следства павіннае было праверыць усе версіі, ад забойства, да давядзення да самагубства. Аднак гэтага зроблена не было», - адзначыў Воўчак.
Акрамя гэтага, па ягоных словах, Бябенін планаваў актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі Андрэя Саннікава, «што таксама з версіяй раптоўнага самагубства не вяжацца».
Па словах Воўчака, следства так і не змагло ліквідаваць гэтыя супярэчнасці. «Таму ў мяне і ў людзей, якія ведалі Бябеніна, да гэтага часу застаюцца сумневы ў версіі яго самагубства», - сказаў Воўчак.