Заснавальнік кампаніі «Сакуб» вызвалены датэрмінова
9- 23.09.2011, 10:39
Учора датэрмінова вызвалены заснавальнік турыстычнай кампаніі «Сакуб» Сяргей Букас.
Нагадаем, што прысуд Сяргею Букасу быў абвешчаны 1 кастрычніка 2009 г судом Савецкага раёна сталіцы. Уладальніку «Сакуб» інкрымінавалася здзяйсненне цэлага шэрагу злачынстваў, сярод якіх крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі на суму 70 тыс. даляраў, перавышэнне службовых паўнамоцтваў і падробка дакументаў.
Крымінальная справа была ініцыяваная грамадзянінам Германіі, з якім кампанія «Сакуб» стварыла сумеснае прадпрыемства СТАА «Хорнбахер і Боль». Фірма стваралася з мэтай інвеставання ў будаўніцтва пад Менскам элітнага пасёлка «Сонечны».
Нягледзячы на тое, што ўсе незалежныя назіральніку адзначалі, што справа ў дачыненні да буйнога беларускага тураператара мае шмат недарэчнасцяў і відавочных нестасовак, Сяргей Букас быў прысуджаны да 8 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з улікам, размеркаваннем, захоўваннем каштоўнасцяў, на 3 гады. Прычым прадстаўнік дзяржабвінавачання прасіў суд вынесці яшчэ больш жорсткае пакаранне - 10 гадоў пазбаўлення волі! Рашэнне суда было шокам для прысутных у зале пасяджэння, а сам абвінавачаны назваў тое, што адбываецца «бязмежжам і рэйдарскім захопам».
Паводле папярэдняй інфармацыі, зараз Сяргей Букас прызнаны невінаватым па ўсіх артыкулах, піша выданне «Турызм і адпачынак».
Кампанія «Сакуб» была заснаваная Сяргеям Букасам ў 1993 годзе. Апошнія два гады ёю кіраваў Сяргей Букас-малодшы. Увесь гэты час супрацоўнікі кампаніі не гублялі надзею на справядлівасць і датэрміновае вызваленне заснавальніка фірмы.
Па нашай інфармацыі, пакуль Сяргей не з'яўляўся на фірме, але калегі з нецярпеннем чакаюць гэтага моманту і нават святочна ўпрыгожылі офіс - шарыкамі і вітальнымі плакатамі.