У Стоўбцах з будынка райвыканкама скралі сцяг
34- 23.09.2011, 14:14
Міліцыя праводзіць гутаркі з мясцовымі актывістамі і здымае адбіткі пальцаў.
З будынка раённага выканаўчага камітэта ў Стоўбцах (Менская вобласць) скрадзены афіцыйны сцяг. Знікненне сцяга выявілі работнікі райвыканкама, калі прыйшлі сёння раніцай на працу. Аб здарэнні яны адразу ж паведамілі ў міліцыю, паведамляе «Польскае радыё».
Цяпер мясцовыя міліцыянты шукаюць адказных за знікненне. Яны праводзяць гутаркі з актывістамі дэмакратычнага руху і здымаюць адбіткі пальцаў.
Здыманне афіцыйнага сцяга з адміністрацыйнага будынка ў Стоўбцах адбываецца не ўпершыню. У 1997 годзе такі ўчынак здзейсніў тагачасны актывіст «Маладога фронту» Аляксей Шыдлоўскі. За зняцце афіцыйнага сцяга з будынка Стаўбцоўскага райвыканкама і нанясенне антылукашэнкаўскіх графіці на сценах дамоў горада яго асудзілі на 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.