Святочнае віншаванне ад Андрэя Саннікава (Фота)
8- 10.01.2012, 12:38
На Каляды ў сваіх паштовых скрынях бярозаўцы знайшлі зварот палітзняволенага Андрэя Саннікава пад назвай «Толькі змена ўлады!»
Прыхільніца Саннікава Надзея Пракапчук лічыць, што зварот адпраўлены своечасова. Яна ўдзячная тым, хто даставіў у ейную скрыня віншаванне ад кандыдата ў прэзідэнты:
- Лічу, што на гэты раз апазіцыя спрацавала своечасова, загадзя раскідалі ўлёткі, таму што звычайна гэта робіцца перад самымі выбарамі, калі ўжо няма часу зарыентавацца і паглыбіцца ў тое, што прадстаўляюць з сябе кандыдаты. Таму лічу, што гэта своечасова, і пазіцыя Андрэя Саннікава мне асабіста падабаецца. Калі рэгулярна і своечасова народу тлумачыць дадзеную пазіцыю, магчыма, у нас што-небудзь і зменіцца. Вядома, выбары будуць складанымі. Я не думаю, што цяперашняя ўлада так лёгка развітаецца са сваімі пасадамі і крэсламі. Таму трэба прыкладаць усе сілы, каб чаго-небудзь дасягнуць. Нашых людзей вельмі цяжка зрушыць з месца.
Жанчына не спадзяецца на справядлівы выбар пры цяперашнім выбарчым заканадаўстве, але, на ейную думку, апазіцыйным палітыкам трэба часцей звяртацца да правінцыйнага электарату, каб падняць яго з канапаў, паведамляе прэс-служба «Еўрапейскай Беларусі».
Андрэй Саннікаў ведае, што ягоны зварот з-за кратаў да беларускіх грамадзянаў стане для яго працягненнем тэрміну пазбаўлення волі. Тым не менш ён даводзіць да грамадзянаў, што толькі змена ўлады можа выратаваць Беларусь ад краху.
