13 чэрвеня 2026, Субота, 19:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МТІС ігнаруе прапановы Euronews

46
МТІС ігнаруе прапановы Euronews

Калі тэлеканал вернецца ў кватэры менчукоў, прадказаць пакуль ніхто не бярэцца.

Як даведалася «Еўрарадыё», канал Euronews прапанаваў «Менскім тэлевізійнымтінфармацыйным сеткам» асаблівыя ўмовы супрацоўніцтва. Адпаведны ліст пасля тэлефонных перамоваў дыстрыб'ютар канала на тэрыторыі краін СНД Юлія Сільверстава накіравала кіраўніцтву МТІС некалькі дзён таму. Адказу з Менска пакуль няма.

«Мы размаўлялі з імі на мінулым тыдні. Але дэталі перамоваў я вам не магу казаць. Мы спадзяемся, што будзем у Беларусі на МТІС ізноў, але я не ведаю, што яны нам у выніку адкажуць і што будзе далей», - паведаміла Сільверстава.

Нагадаем, трансляцыя незалежнага канала навін Euronews прадпрыемствам «Менскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі» была спыненае 1 студзеня ў 0.02. Замест Euronews менчукам пачалі паказваць канал «НТВ+ Кіно плюс».

У размове з Еўрарадыё кіраўнік аддзела маркетынга МТІС Максім Дубовік прычынай адключэння называў фінансавыя спрэчкі з праваўладальнікамі гэтага канала на тэрыторыі Беларусі. З новага года кошт рэтрансляцыі значна вырас.

Зараз у МТІС прызнаюць, што прапановы з Ліёна аб супрацы атрымалі. Але калі дадуць адказ і якім ён будзе, Максім Дубовік не кажа. І адмаўляецца паведамляць, наколькі цікавыя для сталічнага прадпрыемства прапановы дыстрыб’ютара Euronews.

«Гэта камерцыйная інфармацыя для таго, каб некалькімі словамі ацаніць змест ліста. Мы разглядаем гэты ліст, але для таго, каб рабіць нейкія высновы, аднаго ліста... гэта занадта шматграннае пытанне, каб адказваць на яго вось так проста».

Даведаўшыся 3 студзеня, што права на трансляцыю Euronews МТІС набываў у расейскага прадстаўніка, Юлія Сільверстава здзівілася, чаму беларусы не звярталіся наўпрост у цэнтральны офіс.

«Я не ведала, пра якога расейскага прадстаўніка ідзе гаворка. Бо ў нас ёсць свой агент у Расеі, але апынулася, што гэта іншы партнёр быў, яны (МТІС) казалі пра іншага партнёра».

У МТІС жа ад любых каментароў на гэтую тэму адмаўляюцца. Як і не кажуць, ці варта чакаць, што да канца студзеня Euronews вернецца.

Між тым, ва ўсіх астатніх рэгіёнах краіны - ад абласных гарадоў да невялікіх мястэчак - навіны ад Euronews даходзяць да гледачоў без праблем. Праўда, дзякуючы «Белтэлекаму».

«Мы заключалі дамову з тым прадстаўніком, які з’яўляецца фіцыйным дыстрыб’ютарам у краінах СНД. Ён адзіны на ўсе краіны СНД. І праз Расею сюды паступае канал», - патлумачыла прадстаўніца «Белтэлекама» Вольга Віткоўская.

І ўжо з Менска кампанія «пераразмяркоўвае» Euronews па рэгіёнах. Бо, кажа Вольга Віткоўская, яны - адзіная кампанія, якая транслюе свае паслугі на ўсю рэспубліку. Праўда, падрабязнасцямі кантракта паміж беларускім прадпрыемствам сувязі і расейскім дыстрыб’ютарам Euronews падзяліцца адмовілася.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках