Канцэрт Rocker Jocker у Познані адменены
80- 14.10.2012, 11:05
Канцэрт беларускай каманды Rocker Joker у Познані ў рамках Дзён беларускай культуры адменены.
Пра гэта паведамляюць польскія СМІ са спасылкай на мясцовыя ўлады, піша "Белорусский партизан". Супраць з'яўлення гурта, чыя песня «Саня застанецца з намі» стала неафіцыйным гімнам прэзідэнцкай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, выступілі сябры ўплывовай партыі «Права і справядлівасць».
Канцэрт гурта павінен быў адбыцца 28 кастрычніка ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Познані, якія фінансуюцца Упраўленнем Маршала вобласці Вялікапольскага рэгіёну. Аднак мясцовае аддзяленне партыі ПіС выступіла супраць гэтага рок-гурта.
10 кастрычніка прадстаўнікі гурта афіцыйна заявілі, што музыкі не супрацоўнічаюць з уладамі Беларусі, і песня групы была выкарыстана для прэзідэнцкай кампаніі без ведама і згоды аўтараў. Аднак гэта не дапамагло музыкам.
І вось 12 кастрычніка ўвечары стала вядома, што мясцовыя ўлады вырашылі спыніць фінансаванне фестывалю з-за канцэрту скандальнага гурта.
- Пасля звароту да мяне прадстаўнікоў партыі ПіС я прыняў меры, каб адклікаць грант для Асацыяцыі сацыяльныя ініцыятывы «Культурная Познань» - арганізатара фестывалю, - сказаў польскім СМІ маршал Марэк Вазняк.
Маршал рэгіёну падзякаваў калег за сігнал.
Арганізатары Дзён культуры Беларусі пакуль не каментуюць рашэнне Марэка Вазняка. Яны прызнаюць толькі тое, што ўносіць змены ў канцэрт ужо занадта позна і яго прыйдзецца адмяніць.
Беларускія музыкі таксама пакуль ад каментароў устрымліваюцца.