Алег Волчак: На Ждановічах дзеляць сферы ўплыву
17- 22.10.2012, 12:58
Бойка расейскіх цыган і выхадцаў з Каўказа была не выпадковай, лічыць былы следчы пракуратуры.
«Гэты інцыдэнт трэба шырока разглядаць, у кантэксце таго, што ўяўляюць з сябе Ждановічы», - распавёў сайту charter97.org былы следчы пракуратуры і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.
Па словах праваабаронцы, цыганы і выхадцы з Каўказу дзялілі сферы ўплыву. «Групы цыган не першы дзень знаходзяцца на рынку, яны гандлююць крадзенымі рэчамі і кітайскімі падробкамі. На іх людзі скардзіліся, але ніхто на іх звароты не адрэагаваў. Хоць на Ждановічах ёсць шмат аховы - пазаштатнікі, прыватная ахова, міліцыя, АМАП. Час цягнецца і, магчыма, што гэта была першая дзяльба сферы ўплыву на рынку. Бойка пачалася відавочна не з-за кошту на мабільнік, як сцвярджаюць».
Крымінальная справа павінна была быць распачата адразу, упэўнены эксперт. «У гэтай бойцы два склады злачынства - трэцяя частка «хуліганкі» Крымінальнага кодэкса РБ, а таксама захоўванне і нашэнне зброі. Крымінальную справу павінны былі распачаць адразу, а яны цягнуць. Усё гэта падазрона».
З-за адкрытай мяжы з Расеяй змагацца з падобнымі мігрантамі немагчыма, адзначыў былы следчы пракуратуры. «Яшчэ адна праблема ў тым, што пакуль у нас адкрытая мяжа з Расеяй, змагацца з нелегальнымі мігрантамі немагчыма. Фактычна іх нельга нават дэпартаваць».
Калі ўлады будуць бяздзейнічаць, падобныя бойкі будуць працягвацца, сказаў Алег Волчак. «Гэта быў першы сігнал - і ўлады яго «праваронілі». Гэта выклікае ў людзей шок. Стральба сярод белага дня ў людным месцы. Маглі б пацярпець недатычныя людзі. Складана сказаць, ці будзе гэта працягвацца. Але калі ўлады не створаць парадак на тэрыторыі рынку, то, магчыма, такое будзе паўтарацца».
Цяпер многія людзі задумаюцца, ці ездзіць ім на Ждановічы, лічыць праваабаронца. «Гэта адаб'ецца на іміджы рынку. Служба бяспекі павінна ствараць спрыяльную абстаноўку і спыняць падобныя канфлікты. Але пасля таго, што здарылася, многія задумаюцца, ці варта ездзіць на Ждановічы».
Нагадаем, 20 кастрычніка днём на гандлёвым рынку ў Ждановічах расейскія цыганы і выхадцы з Каўказу ўчынілі бойку. У канфлікце выкарыстоўвалі нават траўматычную зброю, ад куль пацярпелі тры чалавекі. Мужчыну, які пачаў стральбу, моцна збілі. Усяго затрымалі 43 удзельнікаў канфлікту, іх даставілі ў Цэнтральны РУУС Менска. Зараз яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.