17 чэрвеня 2026, Серада, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кірмаш вакансій у Менску: «Ад акладаў плакаць хочацца!» (Фота)

73

Сотні менчукоў прыйшлі сёння ў ДК чыгуначнікаў на агульнагарадскі кірмаш вакансій і з цікавасцю разглядалі прапановы працадаўцаў.

Пра тое, якія грошы прапануюць людзям і як яны на гэта рэагуюць, - у фотарэпартажы onliner.by.

«Якая адукацыя? Гуманітарная? Тады можам прапанаваць працу дворніка, - сумна паглядзела на журналістаў кадравічка аднаго з менскіх ЖРЭА. - Аклад - 2,7 млн».

Чыноўнікі прагудзелі ўсе вушы: колькасць вакансій у Менску дасягнула рэкорднай адзнакі. Міністр працы адкрыта кажа: хопіць ныць, ідзіце і зарабляйце! Натоўп людзей у будынку ДК, мабыць, вырашыў прыслухацца да парады. Падлеткі, студэнты, пенсіянеры - каго тут толькі не было.

«3 гады калоніі, вярнуўся ў Менск, жыву ў мамы, - распавёў сваю гісторыю Зміцер. - Калісьці працаваў зваршчыкам, трэба нешта знайсці цяпер. Мне мільёнаў 6 хаця б, каб кватэру здымаць...»

Запыты ў Зміцера годныя. Пагуляўшы з ім па кірмашы, журналісты зразумелі, што без прыстойнай кваліфікацыі больш 3 млн знайсці складана. Ды яшчэ не факт, што возьмуць.

...Уздоўж сталоў блукала група маладых людзей. Адзін з іх, Сяргей, вучыцца на платным у менскім педуніверсітэце.

«Дзеля цікаўнасці зайшоў, - кажа хлопец. - Што сказаць? Ад такіх акладаў плакаць хочацца».

Ну, гэта як каму.

«Добрая праца, адказная, - запэўнівалі супрацоўнікі філіяла «Служба энергагаспадаркі» КУП «Менсктранс». - Электраманцёр кантактнай сеткі 3-га разраду - 4 млн, 4-га разраду - 4,5. Нармальная для горада зарплата».

«Менскдрэву» патрэбныя рамшчыкі на 5 млн, ЗАТ «Белтэлекабель» шукае вядучага інжынера і гатовы плаціць ад 7 млн. Цэлае багацце! Калі параўнаць з прапановамі ад суседа па парце - ЖРЭА Савецкага раёна. Тут патрэбныя майстар на 2,7 млн, маляр ад 2,8 млн.

Але ўсіх прыбіральшчыц пераманьваюць «Чысты свет»: яны плацяць 3,5 млн. Тут жа рабочаму па комплекснаму адмыванню будынка пасля будаўніцтва гатовыя плаціць ад 5 да 7 млн.

«Гэта лепшая наша вакансія, праўда, праца цяжкая, з кіслотамі, нагрузкамі», - шчыра прызналіся спецыялісты.

Ад зарплаты ў 1,5 млн, якую будуць плаціць буфетчыку ў «Белэнергарамналадцы», стала крыху сумна...

ЦУМ гатовы плаціць прадаўцам 4 млн, «Златка» - да 3,9 млн. Натоўп абступіў стэнд «Кароны». Тут набіраюць штат для гандлёвага комплексу «Замак», які неўзабаве адкрыецца на праспекце Пераможцаў. Зарплаты - цалкам зямныя: кантралёр-касір – 4 320 000, прадавец – 3 750 000. Прыбіральнік - 3 млн, грузчык - 3,95. Праўда, усё - «на рукі», гэта значыць «чыстымі».

Цікавыя прапановы ў «Амкадору»: чысцільшчык металу, адлівак, вырабаў і дэталяў на заводзе «Ударнік» можа зарабіць ад 7 млн. Столькі ж дадуць электразваршчыку на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах. ТДА «ТУТ і ТАМ Лагістыкс» абавязваецца плаціць да 7 млн кладаўшчыку і аператару штабелера.

...На кірмашы было шмат жанчын, якія прыйшлі з мэтай знайсці працу для сваіх мужоў.

«Хоць дворнікам, хоць грузчыкам - галоўнае, каб дома не сядзеў, - была шчырая менчанка Галіна Адамаўна. - А то выйшаў на пенсію і мучыцца без справы... »

Працадаўцы, з якімі размаўлялі, шчыра ўпэўненыя: зарплата ў 4-5 млн - для Менска сёння гэта оптымум. Абсалютна можна пражыць. Больш плаціць могуць рэдкія прадпрыемствы.

«Такія сёння ўмовы. Не разумеем тых, хто вароціць нос», - разважалі эксперты, цытуючы міністра працы.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках