На тэрыторыю амбасады Літвы кінулі «кактэйль Молатава»
103- 7.11.2012, 10:57
Інцыдэнт адбыўся ў Менску ўвечары 6 лістапада.
Літоўскі амбасадар у Беларусі Лінас Лінкявічус паведаміў, што на тэрыторыю амбасады Літвы ў Менску праз плот былі кінутыя дзве бутэлькі з «кактэйлем Молатава».
«Учора ўвечары на тэрыторыю былі закінуты дзве бутэлькі з «кактэйлем Молатава». Яны загарэліся, але нашым паліцыянтам удалося іх затушыць. Дзякуючы выпадковасці шкоды ніякай не было, хоць наступствы маглі быць і горш», - сказаў амбасадар агенцтву BNS.
Лінас Лінкявічус паведаміў, што інцыдэнт адбыўся ў 22:45 па мясцовым часе, у той час ён сам знаходзіўся ў будынку, перадае «Інтэрфакс».
«Нейкіх прычын, каб такое магло адбыцца, не было. Будзем супрацоўнічаць у расследаванні інцыдэнту», - адзначыў ён.