25 красавiка 2024, Чацвер, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Малочная вайна?

18
Малочная вайна?

Мінсельгас Расеі незадаволены перавышэннем Беларуссю паставак малака і малочнай прадукцыі звыш аб'ёмаў, узгодненых дзвюма краінамі ў прагнозных балансах.

Як паведамляе прэс-служба Мінсельгаса РФ, пытанні гандлю сельгаспрадукцыяй і харчовымі таварамі былі закранутыя падчас сустрэчы міністра сельскай гаспадаркі РФ Мікалая Фёдарава з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам ў чацвер у Маскве, піша «Інтэрфакс».

«Расейскі бок звярнуў увагу на непрымальнасць сістэматычнага перавышэння аб'ёмаў паставак малака і малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расейскую Федэрацыю, узгодненых у рамках прагнозных балансаў попыту і прапановы», - гаворыцца ў паведамленні. Са свайго боку РФ ажыццяўляе пастаўкі сельгаспрадукцыі ў рамках дасягнутых дамоўленасцей і часта ідзе насустрач пажаданням партнёраў. Так, у 2013 годзе Беларусі значна павялічана квота на вылаў рыбы ў выключнай эканамічнай зоне Расеі.

Паводле паведамлення, у гэтым годзе пастаўкі беларускага малака і малочнай прадукцыі на расейскі рынак склалі 4,1 млн тон, што на 400 тыс. тон больш узгодненых аб'ёмаў.

Як ужо паведамлялася, РФ і Беларусь з 2008 года штогод падпісваюць харчовы баланс, які рэгламентуе аб'ём паставак малочных прадуктаў, мяса і цукру на расейскі рынак. У канцы 2011 года быў падпісаны чарговы дакумент, згодна з якім Беларусь у 2012 годзе магла паставіць 15 тыс. тон мяса птушкі, 200 тыс. тон цукру, 3,7 млн тон малочнай прадукцыі ў пераліку на малако.

Аднак эксперты расейскага харчовага рынку, спасылаючыся на дадзеныя камітэта статыстыкі Беларусі, адзначаюць невыкананне балансаў. Так, пастаўкі мяса птушкі на расейскі рынак з Беларусі за дзевяць месяцаў гэтага года ўжо склалі 77 тыс. тон на $173 млн. За ўвесь 2011 год у Расею было ўвезена 74,1 тыс. тон гэтага мяса на $157,2 млн.

Нацыянальны саюз вытворцаў адзначае істотных рост паставак малака і малочнай прадукцыі за 9 месяцаў 2012 года.

Паводле паведамлення прэс-службы Мінсельгаса РФ, за 9 месяцаў 2012 года расейскі аграхарчовы экспарт у Беларусь павялічыўся ў 1,5 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года за кошт росту аб'ёмаў паставак свініны, марожанай рыбы, гарбаты і кавы, збожжавых культур, насення алейных , сланечнікавага алею, маргарыну, шакаладу, піва і іншай прадукцыі. У вартасным выражэнні экспарт склаў $673,3 млн.

Беларускі імпарт у Расею за 9 месяцаў 2012 года павялічыўся на 15,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў $2 млрд 800,8 млн за кошт павелічэння паставак мясной і малочнай прадукцыі, каўбас, мясных і рыбных кансерваў, яблыкаў і груш, соладу, шакаладу, харчовых прадуктаў, соевага шроту.

М.Фёдараў і Л.Заяц на сустрэчы таксама разгледзелі праект канцэпцыі аграпрамысловай палітыкі краін Мытнага саюза.

Як ужо паведамлялася, праект распрацаваны Еўразійскай эканамічнай камісіяй і ў цяперашні час праходзіць узгадненне. Гэты дакумент, у прыватнасці, будзе прадугледжваць балансы ўзаемнага гандлю харчаваннем паміж краінамі Мытнага саюза і коштавыя індыкатары. Прычым, як лічаць у Мінсельгасе РФ, балансы павінныя стаць рэгулятарамі ўзаемнага гандлю.

У Мінсельгасе РФ разлічваюць, што рознагалоссі краін Мытнага саюза па праекце канцэпцыі будуць урэгуляваныя на працягу паўгода.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках