8 траўня 2024, Серада, 15:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Беларусі выганяюць «Ітэру»

49
З Беларусі выганяюць «Ітэру»

Беларусь скасоўвае дамову з кампаніяй «Ітэра» па будаўніцтве Менск-Сіці.

Для рэалізацыі праекта «Справавы цэнтр «Менск-Сіці» будзе знойдзены новы інвестар. Такое рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка 16 лютага пасля таго, як заслухаў даклад аб выкананні ягоных даручэнняў па будаўніцтве гэтага комплексу, перадае БелаПАН.

«Прынятае рашэнне аб неабходнасці скасавання адносінаў паміж дзеючым інвестарам і Рэспублікай Беларусь, - далажыў старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька. - Сёння ёсць шэраг зваротаў іншых інвестыцыйных кампаній з розных краін. Ім будзе прапанавана ўвайсці ў рэалізацыю гэтага праекта на тых жа ўмовах, якія былі першапачаткова абгавораныя для цяперашняга інвестара. Мы аператыўна зоймемся гэтай працай, і адпаведная прапанова інвестыцыйным кампаніям і фондам будзе ўнесеная».

Гарадскім уладам даручана на працягу месяца выпрацаваць парадак усталявання адносінаў паміж такімі кампаніямі і Рэспублікай Беларусь у асобе Менгарвыканкама. Калі нейкія ўмовы, якія будуць прапаноўвацца магчымымі новымі інвестыцыйнымі кампаніямі, не задаволяць беларускі бок, Менгарвыканкам створыць адпаведнае прадпрыемства, якое возьме на сябе функцыі па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Варта адзначыць, што яшчэ ў верасні мінулага года Лукашэнка выказваў незадаволенасць ходам рэалізацыі праекта «Менск-Сіці» і запатрабаваў ажыццявіць яго ў раней узгодненыя тэрміны.

У адказ на гэта міжнародная група кампаній «Ітэра» заявіла, што, «як стратэгічны інвестар праекта «Менск-Сіці», мае намер выканаць узятыя на сябе абавязальніцтвы з улікам заўваг, выказаных Лукашэнкам».

Згодна з дамовай, праект павінен быць рэалізаваны ў 11 этапаў. Стары сталічны аэрапорт, авіярамонтны завод і іншыя гаспадарчыя аб'екты, размешчаныя на тэрыторыі будучага Менск-Сіці, падлягаюць дэмантажу. Усяго на 318 гектарах да 2020 года планавалася ўзвесці 3,3 млн. кв. м жылой і камерцыйнай нерухомасці, а таксама аб'екты сацыяльнай інфраструктуры.

17 студзеня бягучага года Лукашэнка ў інтэрв'ю кітайскім СМІ заявіў, што Беларусь не супраць перадаць Кітаю будаўніцтва Менск-Сіці. «Мы пачалі будаўніцтва Менск-Сіці, заявілі пра гэтае будаўніцтва. Мы вельмі былі б зацікаўлены, каб Менск-Сіці вось так, як у Пекіне вы пабудавалі (гэта будзе, вядома, не такая вялікая будоўля), каб кітайцы прыехалі і дапамаглі нам пабудаваць, - сказаў Лукашэнка. - Няхай Кітай будуе і фінансуе і прадае потым гэтыя плошчы, мы не супраць перадаць вам гэтую будоўлю, сумесна з іншымі кампаніямі - дзяржаўнымі, прыватнымі і гэтак далей».

8 лютага прэс-служба МГК «Ітэра» паведаміла, што на красавік запланаванае адкрыццё першага бізнес-цэнтра ў комплексе «Менск-Сіці», і абвясціла аб пачатку продажу камерцыйнай нерухомасці ў бізнес-цэнтры. «У пачатку года кампанія прыступіла да будаўніцтва другой чаргі Менск-Сіці: вядуцца працы па ўзвядзенні падмурка новага трохсекцыйнага дома. Паралельна чакаем рашэння дзяржкамісіі па чатырох жылых дамах - спадзяемся, да сакавіка ўвядзем іх у эксплуатацыю», - гаварылася ў прэс-рэлізе.

У МГК «Ітэра» сённяшняе рашэнне Лукашэнкі аб скасаванні кантракту пакуль не каментуюць.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках