Севярынцу знізілі кошт «камуналкі»
2- 6.02.2012, 10:04
У «хімікаў» Куплінскай спецкамендатуры № 7, дзе адбывае пакаранне палітвязень Павел Севярынец, - добрая навіна.
Пасля інфармацыйнай хвалі, якая пракацілася ў Інтэрнэце, кіраўніцтва камендатуры паведаміла асуджаным, што плата за камунальныя паслугі за студзень зніжаная з 340 да 140 тысяч беларускіх рублёў, паведамляе ПЦ «Вясна».
Па словах палітвязня Паўла Севярынца, кіраўніцтва камендатуры зрабіла станоўчы крок, бо новыя кошты паставілі шматлікіх вязняў на мяжу выжывання. Атрымліваючы невялікія заробкі, некаторыя з іх наўпрост перасталі плаціць ж жыллё. Дзе здаровы глузд, калі за слабое цяпло, іржавую халодную ваду, адсутнасць гарачай трэба было б плаціць на траіх за пакой у 12 метраў квадратных больш за мільён рублёў (у ліпені плацілі 40 тысяч, у снежні ўжо - 160, а ў студзені -3 40)?
Кіраўніцтва спецкамендатуры не назвала прычыну свайго рашэння, але адзначыла, што зроблена гэта не з-за таго, што пра сітуацыю, якая склалася шырока пісалі ў Інтэрнэце і не таму, што абурыліся людзі, а па нейкай іншай прычыне. Па якой - так і застаецца таямніцай.