Беларускі горад засыпала буйным градам
- 12.06.2026, 19:50
- 2,628
Падобная з'ява здараецца раз на паўстагоддзя.
Непагадзь разгулялася ў Мсціславе, градыны тут дасягалі каля 32 міліметраў у дыяметры, паведамляе тэлеграм-канал «Метеовайб».
Сіноптыкі аднеслі гэтую з'яву да чырвонага ўзроўню небяспекі, што азначае падвышаную рызыку для людзей, транспарту і інфраструктуры.

Для Беларусі настолькі буйны град — даволі рэдкая з'ява. Як паведамляюць у «Магілёўаблгідрамеце», звычайны памер граду ў краіне складае каля 5—6 міліметраў. Град, які перавышае 2 сантыметры, лічыцца асабліва небяспечным і ў адным месцы здараецца прыблізна раз на 40—50 гадоў.

Пры гэтым адзначаецца, што да абсалютнага рэкорду Беларусі гэтаму здарэнню яшчэ далёка. Найбуйнейшы град, зафіксаваны ў краіне, быў адзначаны 11 ліпеня 1953 года ў Браслаўскім раёне. Тады градыны дасягалі 8—10 сантыметраў у дыяметры — гэта параўнальна з памерам курынага яйка.
