Валер Шчукін можа памерці за кратамі
24- 30.03.2012, 15:24
70-гадовы праваабаронца Валер Шчукін, якога сёння судзяць у Оршы, адчувае сябе вельмі дрэнна.
Па сведчаннях дапушчаных на суд праваабаронцаў Валер Аляксеевіч вельмі слабы, кажа павольна з доўгімі паўзамі, паведамляе «Наш Дом».
Актывіст Грамадзянскай Кампаніі «Наш Дом» Мікалай Петрушэнка сустрэўся з намеснікам начальніка ГАУС па ідэалагічнай працы Андрэем Правалінскім. Міліцыянт патэлефанаваў лекару ізалятара і папрасіў яго ахарактарызаваць стан Шчукіна. Лекар адзначыў, што стан нездавальняючы і выказаў асцярогу, што Шчукін можа памерці за кратамі, бо сам ён не выключаў такой магчымасці.
Мікалай Петрушэнка яшчэ ўчора звярнуўся ў аршанскую міліцыю з пісьмовым патрабаваннем забяспечыць Валера Шчукіна ўсім неабходным, паведаміўшы праваахоўнікам, што зусім нядаўна Шчукін праходзіў лячэнне ў сталічным ваенным шпіталі. У Валера Шчукіна праблемы са страўнікам: ён павінен мець строгую дыету. Аднак сёння Петрушэнка выявіў, што гэты зварот да гэтага часу не разгледжаны. Такім чынам, міліцыянты не звярнулі належнай увагі на самаадчуванне Валера Шчукіна і магчымыя наступствы ягонай начоўкі ў ізалятары часовага ўтрымання.
Нагадаем, Валер Шчукін быў адным з удзельнікаў групы праваабаронцаў і журналістаў, якія прыехалі ў Оршу, каб падтрымаць затрыманых Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзьку і Аляксандра Атрошчанкава ў судзе. Міліцыянты ў рангу маёраў і лейтэнантаў сталі на лесвіцы і не пускалі нікога, у тым ліку журналістаў, на трэці паверх суда, дзе праходзіла паседжанне. Праваабаронца Валер Шчукін спрабаваў прарвацца на паседжанне, калі яго не пусцілі, ён заблакаваў сваім целам дзверы, што вядуць на трэці паверх, каб іх не зачынілі. Праз некаторы час праваабаронца быў затрыманы.