19 траўня 2024, Нядзеля, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі гатовыя легчы пад бульдозеры супраць ушчыльнення

31

На нізкім старце чарговы канфлікт, звязаны з ушчыльненнем жылой забудовы ў цэнтры Менска.

Будаўнічай кампаніі «Тамбаз» спадабалася недагледжаная спартовая пляцоўка ў раёне перасячэння вуліцы Цнянскай і завулка Якуба Коласа. Учора ў актавай зале школы № 76 жыхарам раёна прэзентавалі план забудовы: тры жылыя дамы (14-18 паверхаў) і 2-павярховы корпус невядомага пакуль прызначэння. Людзі назвалі праект каменным «гета», абвінавацілі архітэктараў у незахаванні палітыкі Лукашэнкі і паабяцалі трымаць абарону, піша onliner.by.

У агульных рысах аб новым жылым комплексе распавёў Аляксандр Чадовіч (былы галоўны архітэктар Менска, які займаў гэтую пасаду да Віктара Нікіціна, а пасля - віцэ-прэзідэнт расейскага будаўнічага холдынгу МТЗ «Рубін»).

Па ягоных словах, плошча ўчастка дазваляе размясціць «высоткі» без шкоды для экалогіі і парушэнняў нормаў інсаляцыі (яны не закрыюць суседнія хаты ад сонца). Усяго ў комплексе прадугледжана 240 кватэр, а ў гаражы-подыуме - 160 месцаў для захоўвання транспарту. Столькі ж плануецца і гасцявых парковак, якія будуць прызначаныя ў тым ліку і для наведвальнікаў гандлёвага або аздараўленчага цэнтра, размешчанага ў 2-павярховым корпусе (функцыянальнае прызначэнне будынка пакуль не вызначана).

- Хіба гэта не кашчунства? - перабілі жыхары квартала. - Нас і так абклалі новабудоўлямі, гандлёвымі цэнтрамі. Вакол адныя машыны. Хутка будзем жыць у каменнай рэзервацыі. Спартовая пляцоўка - адзіная аддушына ў нашым раёне. Навошта спатрэбілася яе знішчаць? Што кажа Лукашэнка? «Нам патрэбная здаровая нацыя!».

- У апошнія гады стадыён прыйшоў у аварыйны стан і нават не класіфікаваны як спортпляцоўка, - растлумачылі прадстаўнікі адміністрацыі Савецкага раёна. - З зямлі тырчалі металічныя штыры - прыйшлося дэмантаваць хакейную скрынку. А ў бюджэце грошай на рамонт няма...

Аляксандр Чадовіч паспяшаўся супакоіць: «Тамбаз» абавязваецца добраўпарадкаваць тэрыторыю і абсталяваць побач 3 спортпляцоўкі, у тым ліку адну дзіцячую. У адказ прагучала: «За горадам пустак навалам, хай там і будуюць».

- Катэгарычна не прымаю такі падыход, - парыраваў Чадовіч. - Шчыльнасць насельніцтва ў Менску не так вялікая, як у Маскве, Санкт-Пецярбургу. Чаму мае і вашыя ўнукі павінны жыць за горадам, калі шчыльнасць дазваляе і нарматывы не парушаныя?

Людзі папрасілі выказаць сваё меркаванне «дэпутата» Менгарсавета Юрыя Чачукевіча.

- Я прадстаўляю пункт гледжання, які ёсць у дзяржаве, - абмовіўся народны выбраннік. - Я таксама жыву ў гэтым раёне, таксама па вечарах не магу прыпаркаваць ля пад'езда машыну. Але гэта выдаткі таго, што мы знаходзімся ў цэнтры горада. Менск развіваецца, дзесьці трэба будаваць дамы.

Разам з тым «дэпутат» паабяцаў прыняць пазіцыю большасці жыхароў раёна і данесці яе да ўладаў.

- Калі большасць будзе супраць, гарвыканкам не дасць дазволу на будаўніцтва, - запэўніў начальнік аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Савецкага раёна Аркадзь Камар.

- Не ўсё так проста, - узяў слова адзін з жыхароў квартала, які мае некаторы досвед у барацьбе супраць ушчыльнення. - На жаль, у падобных справах нашыя з вамі галасы нічога не вырашаюць. Правілы грамадскага абмеркавання такія, што выказаць сваё меркаванне можа любы жыхар Беларусі. Чыноўнікам і забудоўшчыкам не складае працы назбіраць патрэбную колькасць подпісаў.

Відавочна, мелася на ўвазе гісторыя з ушчыльненнем на вуліцы Куйбышава. Падчас грамадскага абмеркавання людзі сабралі не менш як 600 подпісаў супраць 16-павярховага дома ў сябе пад вокнамі. А праз некаторы час даведаліся, што ў адміністрацыю раёна паступіла больш за 1100 подпісаў за будаўніцтва ад жыхароў Малінаўкі і Серабранкі...

Такім чынам, ці не губляюць сэнс грамадскія абмеркавання? Відавочна, прыпыніць рэалізацыю праектаў па ўшчыльненні могуць толькі тыя ці іншыя парушэнні санітарных і горадабудаўнічых нормаў. Самастойна вызначыць іх жыхары не могуць, а на дапамогу незалежных экспертаў разлічваць пакуль не прыходзіцца.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках