У Расіі памёр мітрапаліт, які асвячаў Крымскі мост і комплексы С-400
2- 9.11.2026, 14:45
Украіна ўвяла супраць яго персанальныя санкцыі.
6 лістапада ў Маскве на 86-м годзе жыцця памёр былы мітрапаліт Феадосійскі і Керчанскі Платон (Уладзімір Удовенка), паведаміла прэс-служба РПЦ. Ён публічна падтрымліваў расійскую вайсковую прысутнасць у анексаваным Крыме, адзначае «Голас Крыма».
У прыватнасці, у студзені 2017 года ён асвяціў зенітныя ракетныя комплексы С-400 у Феадосіі і блаславіў расійскіх вайскоўцаў.
Памёр былы мітрапаліт Феадосійскі і Керчанскі, які асвячаў расійскія ракеты ў акупаваным Крыме
6 лістапада 2026 года на 86-м годзе жыцця ў Маскве памёр мітрапаліт Платон (Удовенка), былы кіраўнік Феадосійскай епархіі УПЦ МП. https://t.co/zZ0tNrpAfM
— Пан Пачковский (@Q0MT6pFmbVqynsM) 7 лістапада 2026
У маі 2018 года Платон, знаходзячыся на борце аэрастата «Расія», з паветра асвяціў Керчанскую пратоку. Пазней у тым жа месяцы ён правёў малебен і асвяціў незаконна пабудаваны Крымскі мост.
У снежні 2022 года Украіна ўвяла супраць яго персанальныя санкцыі, адзначае «Гордон».
Удовенка — ураджэнец УССР. Ён нарадзіўся ў 1940 годзе ў пасёлку Успенка Луганскай вобласці, пасля заканчэння школы ў 1957 годзе паступіў паслушнікам у Адэскі Успенскі манастыр. Вучыўся ў Кіеўскай і Адэскай духоўных семінарыях. Пазней скончыў Ленінградскую духоўную акадэмію і ў розныя гады займаў кіраўнічыя пасады ў царкоўных структурах РПЦ. У 1990–1993 гадах быў народным дэпутатам РФ. У 2004 годзе атрымаў сан мітрапаліта.
У ліпені 2024 года РПЦ вызваліла Платона ад кіраўніцтва Феадосійскай епархіяй і адправіла на спачын. Ён памёр у інстытуце імя Н. В. Скліфасоўскага пасля працяглай хваробы, адзначылі ў РПЦ.