13 чэрвеня 2026, Субота, 17:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд адхіліў скаргу БХД на адміністрацыю ДК МТЗ

4
Суд адхіліў скаргу БХД на адміністрацыю ДК МТЗ

16 красавіка суд Партызанскага раёна сталіцы адмовіў у задавальненні скаргі БХД у дачыненні да Палаца культуры Менскага трактарнага завода.

Пра гэта БелаПАН паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі.

На думку прадстаўнікоў БХД, адміністрацыя Палаца культуры свядома сарвала фінальную частку з'езда БХД, які праходзіў там 17 снежня 2011 года. У сувязі з гэтым прадстаўнікамі аргкамітэта па стварэнні партыі быў пададзены судовы пазоў.

«У 17.30 па асабістым загадзе дырэктара ДК МТЗ у актавай зале, дзе праходзіў з'езд, было адключанае асвятленне. Пры гэтым арэнда залы была своечасова і цалкам аплачаная да 19.00. У гэты час павінны быў пачацца выступ вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага, але як толькі ён выйшаў на сцэну, электрычнасць была адключаная», - сказаў Садоўскі.

Аргкамітэт БХД патрабаваў «фінансавай кампенсацыі шкоды, якую дырэкцыя ДК МТЗ нанесла адключэннем святла». Прадстаўнікі аргкамітэта планавалі ўрэгуляваць канфлікт у дасудовым парадку, аднак дырэкцыя Палаца культуры сцвярджае, што выканала ўсе пункты пагаднення аб арэндзе памяшкання 17 снежня, і адмаўляецца ад якіх-небудзь кампенсацый.

У судзе прадстаўнікі БХД дадалі да матэрыялаў справы шэраг новых дакументаў, у тым ліку праграму з'езда, якая змяшчала інфармацыю пра выступ Лявона Вольскага, а таксама дадатковыя тлумачэнні адносна закона Рэспублікі Беларусь аб правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў. Паводле закона патрабаванні аб узгадненні культурна-масавых мерапрыемстваў не распаўсюджваюцца на мерапрыемствы, якія праводзяцца фізічнымі асобамі для ўласных патрэб без атрымання прыбытку.

Акрамя таго, Садоўскі вылучыў дадатковыя патрабаванні аб спагнанні з ДК МТЗ няўстойкі ў памеры 8 млн. 319 тыс. 650 рублёў. «Адказчыку ад ДК МТЗ нічога не заставалася, як паўтараць, што канцэрт не быў узгоднены, і таму яны мелі права адключаць асвятленне», - адзначыў Садоўскі.

Суд вынес рашэнне - ва ўсіх патрабаваннях БХД адмовіць, бо яны не грунтуюцца на нормах заканадаўства.

Каментуючы вердыкт суду, Садоўскі адзначыў: «Прысуд абсалютна не здзівіў. Ён яшчэ раз засведчыў, што ў нашай краіне закона няма. Але за ўсялякае беззаконне кожны ў свой час у любым выпадку панясе заслужанае пакаранне. Спадзяюся, гэта будзе хутка».

Касацыйную скаргу на гэтае рашэнне аргкамітэт БХД падаваць не мае намеру. «У нас на гэта проста не хапае часу, ды і гэты цырк ужо надакучыў», - заявіў Садоўскі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках