Генпракурор хаваецца ад жанчын
5- 11.05.2012, 9:01
Група жанчын, пацярпелых ад судовых рашэнняў, не змагла сустрэцца з генпракурорам.
Каля трох дзясяткаў чалавек, у асноўным жанчыны, пацярпелых ад асабліва цяжкіх злачынстваў і не згодных з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах блізкіх, не змаглі сустрэцца з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком.
«Сёння ў генпракурора павінен быў адбыцца прыём грамадзянаў, аднак нам заявілі, што ён адменены. Калі адбудзецца прыём, нам не змаглі дакладна сказаць», - паведаміла БелаПАН прадстаўніца групы юрыстка Тамара Сяргей.
Паводле яе, жанчыны папрасілі сустрэчы з дзяжурным пракурорам і перадалі яму ўжо 21-ы зварот на імя генпракурора. «У гэтым звароце мы папрасілі яго выканаць абяцанне, дадзенае 2 лютага 2012 года: калі мы напішам асабістыя заявы на прыём, то па магчымасці ён будзе нас прымаць. За тры месяцы ніхто запрошаны не быў», - сказала Сяргей. Жанчыны разлічваюць, што Канюк працягне перагляд спраў, пачаты ягоным папярэднікам Рыгорам Васілевічам. «На жаль, з сыходам Васілевіча пра закон і Канстытуцыі ў Генпракуратуры проста забыліся. Васілевіч пераадольваў супраціў і сабатаж сваіх падначаленых: было ўнесена больш за 30 пратэстаў. Але зараз сітуацыя рэзка змянілася», - сказала юрыстка.
Так сёння жанчыны не змаглі дамагчыся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам альбо з кіраўніком ягонай адміністрацыі Уладзімірам Макеем. 8 мая жанчыны спрабавалі патрапіць у Дом ураду, дзе Лукашэнка выступаў з пасланнем да народа і парламента, аднак іх туды не пусцілі.