Камітэт ААН абавязаў беларускія ўлады кампенсаваць шкоду апазіцыянеру
20- 11.05.2012, 16:08
Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў скаргу віцебскага актывіста на дзеянні беларускай міліцыі.
У ходзе разгляду справы Сяргея Бялезека камітэт прызнаў, што дзяржава парушыла ягонае права на мірныя сходы і публічнае выказванне меркавання. Паводле прынятага рашэння, беларускія ўлады абавязаны забяспечыць Бялезека эфектыўнымі сродкамі прававой абароны і кампенсаваць нанесеную яму шкоду. На працягу 180 дзён ўлады павінныя праінфармаваць камітэт аб прадпрынятых імі мерах, паведамляе праваабарончы сайт «Віцебская вясна».
Сяргей Бялезек звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека пасля таго, як былі вычарпаныя ўсе сродкі судовай абароны ўнутры краіны. У кастрычніку 2007 года на восеньскія Дзяды каля 30 жыхароў Віцебску вырашылі зладзіць грамадзянскую паніхіду ў вёсцы Палеі на месцы, дзе ў 1930-40-х гадах органы НКУС здзяйснялі масавыя расстрэлы нявінных людзей. Таксама меркавалася наведаць могілкі, дзе пахаваныя ахвяры сталінізму.
На месца правядзення мерапрыемства прыбылі супрацоўнікі міліцыі пад кіраўніцтвам маёра Ліленкі, якія спынілі паніхіду і затрымалі яе ўдзельнікаў. Людзей даставілі ў аддзел унутраных спраў Віцебскага раёна. Былі складзеныя пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні.
На наступны дзень у судзе Віцебскага раёна прайшлі адміністрацыйныя працэсы. Пяцёра ўдзельнікаў жалобнай акцыі, у тым ліку і Сяргей Бялезека, былі прызнаныя парушальнікамі артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства). Штраф, прызначаны Сяргею Бялезека, склаў 20 базавых велічынь (на той час гэта было роўна 620 тысячам рублёў).
Актывіст беспаспяхова спрабаваў абскардзіць рашэнне райсуда ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судах, але дамагчыся справядлівасці яму атрымалася толькі ў Камітэце ААН па правах чалавека.