13 чэрвеня 2026, Субота, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Траўма «падказала» прадаўшчыцы ідэю інсцэнаваць рабаванне

23

У Светлагорскім раёне прадаўшчыца сельскага міні-кафэ паслізнулася, стукнулася галавой, і ёй прыйшла ідэя заявіць аб рабаванні, што і было зроблена.

Пра тое, як міліцыя шукала злачынцаў па заяве прадаўца, БелаПАН паведаміў супрацоўнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Грышкевіч.

Паводле яго слоў, 7 ліпеня ў міліцыю Светлагорска паступіла паведамленне ад вартаўніка крамы ў вёсцы Казлоўка. Мужчына заявіў, што на прадаўшчыцу міні-кафэ здзейснены напад невядомага, з касы выкрадзены грошы. На месца меркаванага разбойнага нападу прыбылі міліцыянты.

Са слоў 19-гадовай дзяўчыны, яна выйшла на некалькі хвілін з гандлёвай кропкі ў туалет. Пры вяртанні ў падсобнае памяшканне яе хтосьці ўдарыў па галаве, яна страціла прытомнасць і апрытомнела толькі тады, калі яе расштурхаў вартаўнік. Нападніка яна не бачыла, а ў краме каса была ўжо пустой.

Вартаўнік пацвердзіў, што знайшоў дзяўчыну без прытомнасці і на галаве ў яе была рана.

Міліцыянты пачалі адпрацоўваць магчымыя версіі, але ўжо 9 ліпеня ў іх з'явіліся сумневы ў праўдзівасці ўсёй гісторыі. Вырашана было праверыць фігурантаў на паліграфе. «Да пачатку працэдуры дзяўчыну папярэдзілі аб адказнасці за загадзя ілжывы данос, але яна ўсё ж спрабавала пераканаць аб нейкім невядомым у масцы, а затым і зусім абвінаваціла ў нападзе вартаўніка. Але навошта вартаўніку нападаць на яе? Ён проста мог узяць грошы ў яе адсутнасць. Пры выглядзе паліграфа прадавец здалася і распавяла праўду», - адзначыў Грышкевіч.

Гісторыя з рабаваннем апынулася выдумкай і жаданнем папоўніць уласныя кішэні. «Выходзячы з падсобкі, прадавец зачапілася за шланг і ўпала. Ад удару яна сапраўды на час страціла прытомнасць. Менавіта ў такім стане яе і знайшоў вартаўнік. Але ў яе пасля страты прытомнасці маментальна выспеў план. Зазірнуўшы ў касу, дзяўчына прытворна ахнула і паведаміла аб згубе грошай. Яна папрасіла вартаўніка патэлефанаваць у міліцыю. А ў гэты час амаль паўтара мільёна перавандравалі з касы ў зацішнае месца. Менавіта там уся сума і была пасля выяўлена», - сказаў прадстаўнік УУС.

Матэрыялы праверкі перададзены ў раённы аддзел Следчага камітэта для дачы прававой ацэнкі дзеянням прадаўшчыцы. Нават калі крымінальная справа і не будзе ўзбуджана, то адміністрацыйны пратакол за загадзя ілжывае паведамленне будзе складзены дакладна, а там пакаранне ў выглядзе штрафу як раз да 15 базавых велічынь - роўна столькі, колькі яна спрабавала прыкарманіць, падагульніў Грышкевіч.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках