Кастусёва запрасілі на суд за тры гадзіны да пачатку
7- 13.07.2012, 11:36
БНФ падала ў Менгарсуд 7 скаргаў на неўключэнне сябраў партыі ў акруговыя выбарчыя камісіі.
Менскі гарадскі суд 13 ліпеня разглядзіць скаргі членаў Партыі БНФ на неўключэнне іх у акруговыя выбарчыя камісіі, паведаміў БелаПАН лідэр партыі Аляксей Янукевіч.
Паводле яго слоў, у Менгарсуд было пададзена 7 скаргаў. «Усе яны будуць разгледжаны 13 ліпеня. Разгляд чатырох скаргаў прызначаны на 11 гадзін, трох - на 15 гадзін», - распавёў Янукевіч. Пры гэтым ён заявіў, што прадстаўніка партыі ў судзе не будзе. «Нашым прадстаўніком быў прызначаны Рыгор Кастусёў. Аднак аб разглядзе скаргаў нам паведамілі толькі сёння раніцай, а Кастусёў сёння ў ад'ездзе. Так што суд іх разгледзіць, вядома, у нашай прысутнасці, але выступаць ад партыі ў судзе ў нас не атрымаецца», - сказаў Янукевіч.
Ён адзначыў, што Партыя БНФ і грамадская арганізацыя БНФ «Адраджэнне» вылучалі 57 сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі па Беларусі, прайшлі ў акруговыя камісіі толькі 12 з іх.
«Усяго пададзена 30 скаргаў: па 9 кандыдатурах - у Магілёўскі абласны суд, 7 - у Менскі гарадскі суд, 5 - у Менскі абласны суд і 9 - у абласны суд Гродна», - сказаў Янукевіч.
Сярод прычын адмовы называўся сталы ўзрост кандыдатур, адсутнасць вопыту працы ў выбарчых камісіях, няправільна аформленыя дакументы заяўкі.
Янукевіч адзначыў, што ў адпаведнасці з арт. 34 Выбарчага кодэкса рашэнне органаў, якія ўтвараюць камісіі, можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмiн з дня яго прыняцця. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з'яўляецца канчатковым.