Ініцыятыўную групу БСДП не хацелі рэгістраваць
6- 13.07.2012, 17:12
У БСДП не хацелі браць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.
Кіраўнікі абласной і гарадской арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс 12 ліпеня падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па збору подпісаў выбаршчыкаў на парламенцкіх выбарах, перадае БелаПАН.
Ігар Маслоўскі падаў дакументы ў выбаркам па другой выбарчай акрузе. Ганна Канюс падала дакументы па першай выбарчай акрузе.
Паводле слоў Маслоўскага, яны першыя здалі заявы ў сваіх акругах.
«Парадаксальна гучыць, але старшыні камісій спачатку адмаўляліся прымаць нашы заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, упарта даказваючы, што дакументы яны будуць прымаць толькі з 15 ліпеня. Аднак пасля кансультацый з прадстаўніком аблвыканкама нашы заявы ўсё ж прынялі. Гэта сведчыць аб кампетэнцыі старшыняў камісій», - пракаментаваў сітуацыю Маслоўскі.
У кожнай ініцыятыўнай групе будзе па 70 актывістаў. Гэта сябры БСДП, актывісты кампаніі «Гавары праўду!» і ў цэлым прыхільнікі пераменаў.
Сацыял-дэмакратычныя ідэі і патэнцыял, напрацаваны кампаніяй «Гавары праўду!», стануць асновай для зносін з выбаршчыкамі, адзначыў Маслоўскі.
«Мы будзем выкарыстоўваць любыя легальныя магчымасці ў нашай працы па збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты», - дапоўніў ён.