11 траўня 2024, Субота, 0:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенатар Ліберман: Увесь свет павінен працягваць ціск на Лукашэнку

13
Сенатар Ліберман: Увесь свет павінен працягваць ціск на Лукашэнку

Джозэф Ліберман заклікаў беларусаў не губляць надзею ў барацьбе за свабоду.

Сенатар Джозэф Ліберман, незалежны прадстаўнік штата Канэктыкут, старшыня камітэта Сената ЗША па справах нацыянальнай бяспекі і справах дзяржаўнага кіравання, кіраўнік камісій па ваенных справах, бяспекі ў інтэрнэце, актыўны прыхільнік дэмакратыі ў Беларусі, даў інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Сенатар, вы занялі месца на Капіталійскім пагорку ў 1989 годзе, калі адбываліся радыкальныя перамены ў Савецкім Саюзе. Дэмакратызацыя ішла па-рознаму ў розных постсавецкіх краінах - у гэтым месяцы, напрыклад, Аляксандр Лукашэнка пабіў рэкорд Леаніда Брэжнева - 18 гадоў ва ўладзе. Пра што гэты працэс сведчыць - пра абмежаваныя магчымасці дэмакратыі на постсавецкай прасторы або пра слабасць Захаду ў пашырэнні дэмакратычных каштоўнасцей і вяршэнства закона?

- Гэта вельмі важнае і адначасова цяжкае пытанне. У нас былі вялікія надзеі, калі я гляджу ў мінулае са сваіх 24 гадоў у Сенаце ЗША. Я пачынаў сваю кар'еру сенатара ў эпоху, калі разбурылі Берлінскую сцяну і наступіў канец Савецкага Саюза. Гэта былі важныя падзеі, сведкай і ўдзельнікам якіх мне выпаў гонар быць. Некаторым краінам удалося ўвасобіць у жыццё мары аб свабодзе, незалежнасці і заможнасці. У гэтай сувязі можна назваць Польшчу, Чэхію, балтыйскія краіны.

Што да Расеі, то яна расчаравала. Гэтая краіна абмяжоўвае правы чалавека і дэмакратыю для сваіх грамадзян.

Але найгоршая сітуацыя з Лукашэнкай ў Беларусі. На жаль, гэтая сітуацыя вызначае межы нашага ўплыву. Мы спрабуем уплываць на гэты рэжым і змагацца за правы чалавека і дэмакратыю для беларускага народа, але рэальнасць такая, што такому дыктатару, як Лукашэнка, - які трымаецца за ўладу і амаль увесь час, хоць не заўсёды, мае падтрымку з Масквы - удаецца выжываць. Гэта як быццам музей дыктатуры і таталітарызму, выжыванне ў горшым сэнсе слова.

Мы - Амерыка і Еўразвяз - спрабавалі ўплываць праз санкцыі на высокапастаўленых афіцыйных асоб, абмяжоўваючы свабоду іх перамяшчэння ў свеце, мы выступілі з мноствам заяў і асуджэнняў, але яны да гэтага часу не спрацавалі. Я разумею, што людзі, якія імкнуцца да свабоды або знаходзяцца ў турме ў Беларусі, маглі страціць надзею, але гісторыя найноўшага часу, асабліва гісторыя Савецкага Саюза, паказвае, колькі трэба было намаганняў і колькі адвагі, якія не давалі людзям надзею на працягу многіх гадоў , каб ажыццявіць свае мары ў краінах, пра якія я згадваў.

Я асабіста за тое, каб мы і астатні свет працягвалі ціск на Лукашэнку і рабілі ўсё магчымае, каб падтрымліваць апазіцыю - я іх называю змагарамі за свабоду - да таго дня, які несумненна рана ці позна настане, калі народ Беларусі будзе мець тыя магчымасці і свабоды , на якія ён мае права.

- У пачатку гэтага года прэзідэнт Абама адобрыў эканамічныя і палітычныя санкцыі супраць беларускага рэжыму. Кангрэс ухваліў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». З'езд Рэспубліканскай партыі на гэтым тыдні крытыкаваў Расею за падтрымку «сталінісцкага рэжыму ў Беларусі». Якія змены, па-вашаму, у адносінах з Расеяй і Беларуссю могуць адбыцца ў палітыцы ЗША пасля прэзідэнцкіх выбараў?

- Агульна кажучы, апазіцыйныя сілы ў Беларусі могуць быць упэўнены, што незалежна ад выніку выбараў - ці перавыбярэм прэзідэнта Абаму, ці абяруць губернатара Ромні - Вашынгтон будзе падтрымліваць апазіцыю і змагароў за свабоду ў Беларусі. У адным са сваіх выступаў на тэму знешняй палітыкі губернатар Ромні казаў аб выкліку Расеі і абавязаўся зрабіць пашырэнне праў чалавека ў свеце сваім прыярытэтам. Падтрымка гэтай справы ў Амерыке застанецца моцнай, нягледзячы на вынік выбараў у лістападзе, і добра, што мы можам пра гэта сказаць.

- У мінулым годзе вы прадстаўлялі ў Сенаце Акт у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Адным з яго пунктаў быў заклік перанесці з Менска чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе. У траўні Міжнародная федэрацыя хакея на льду пацвердзіла, што чэмпіянат пройдзе ў Менску. Ці прыедзе ў Беларусь каманда ЗША?

- Я расчараваны тым, што Міжнародная хакейная федэрацыя не змяніла свайго рашэння. Я ведаю, што яны гэта аргументавалі тым, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай. Але рэальнасць такая, што калі яны правядуць гэты чэмпіянат у Менску, яны дадуць дзейнаму беларускаму рэжыму не толькі фінансавую падтрымку, але таксама выкажуць яму нешта накшталт міжнароднага даверу, якога рэжым не заслугоўвае. Я спадзяюся, што мы зможам засяродзіць нашы намаганні на амерыканскай хакейнай камандзе. Я ведаю, што гэта даволі супярэчлівае пытанне, так як рашэнне прэзідэнта Картэра не пасылаць амерыканскую каманду на Алімпіяду ў Маскве ў свой час выклікала змешаныя пачуцці. Але наступствам выезду амерыканскай хакейнай каманды ў Менск у 2014 годзе на гэтыя міжнародныя спаборніцтвы адбудзецца саступка ў барацьбе за свабоду беларускага народа, якая не варта гэтага.

- Ці існуе розніца ў падыходах Еўразвяза і ЗША - ЕЗ не далучыўся да санкцый у галіне гандлю нафтапрадуктамі. Германія навучала беларускіх міліцыянтаў барацьбе з дэманстрантамі з 2008 года і, як стала вядома, аж да вясны 2012. Які ваш погляд на эфектыўнасць і розніцу паміж уцягваннем рэжыму ва ўзаемадзеянне і яго легітымізацыяй, санкцыямі і дыялогам?

- Я думаю, што такога роду супрацоўніцтва з рэжымам шкоднае, так як яно відавочна дае зразумець рэжыму, што ён можа працягваць наступ на правы сваіх грамадзян. Я быў вельмі расчараваны, калі пачуў аб гэтым нямецкім кантракце. Калі б ён скончыўся ў 2010 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі, то яшчэ можна было б яго неяк апраўдаць. Але паколькі ён працягваўся да гэтага года, ён заслугоўвае асуджэння.

- Былыя прэзідэнты Вацлаў Гавел і Джордж Буш у мінулым годзе па нашай просьбе звярнуліся з каляднымі віншаваннямі да беларускіх палітвязняў. Паўтара гады таму вы чыталі імёны арыштаваных у Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў. Што б вы маглі сказаць ім сёння?

- Прашу вас, не губляйце надзеі. Мы з вамі! Я адчуваў вялікі гонар, чытаючы ў эфіры «Радыё Свабода» імёны людзей, якіх несправядліва пазбавілі волі ў 2010 годзе. Я адчуваў вялікі гонар і хацеў сказаць ім, што мы ведаем іх імёны.

Наша непрыманне цяперашніх беларускіх улад абапіраецца на асноўныя амерыканскія прынцыпы, універсальныя правы чалавека і прынцыпы прававой дзяржавы і дэмакратыі. Гэта не толькі агульныя прынцыпы, але таксама і людзі, якія за імі стаяць. Змены наступаюць толькі тады, калі людзі не будуць баяцца рабіць тое, што зрабілі тыя, хто цяпер знаходзіцца ў зняволенні.

Марцін Лютэр Кінг сказаў калісьці, што маральная сфера сусвету пашыраецца павольна, але яна ўвесь час пашыраецца ў бок справядлівасці. Я хачу, каб тыя, каго цяпер несправядліва трымаюць у турмах, ведалі, што мы ведаем іх імёны. І я хачу, каб Лукашэнка ведаў, што мы ведаем іх імёны. Мы не перастанем прамаўляць гэтыя імёны, пакуль гэтыя людзі не стануць свабоднымі. І пакуль усе людзі ў Беларусі не стануць свабоднымі, а ў краіне не ўсталюецца дэмакратычна абраная ўлада.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках