28 красавiка 2024, Нядзеля, 0:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У акцыі салідарнасці з Антонам Сурапіным прынялі ўдзел больш 30 журналістаў (Фота)

6

Усё больш людзей далучаецца да фота-акцыі ў падтрымку арыштаванага журналіста Антона Сурапіна.

Адна з каардынатараў акцыі кажа, што ў ёй паўдзельнічала ўжо больш трох дзясяткаў чалавек. Амаль усе яны журналісты. Некаторыя прыходзілі цэлымі рэдакцыямі - як, напрыклад, журналісты газеты «Наша Нiва».

Акцыя пачалася ў сацыяльных сетках, калі беларускія журналісты вырашылі падтрымаць свайго калегу. Антон Сурапін з 13 ліпеня знаходзіцца ў ізалятары КДБ, яго абвінавачваюць у дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы Беларусі. Антон першым размясціў на сваім сайце Belarussian News Photos фатаграфіі медзведзянятаў з заклікамі да свабоды слова, якія скінуў на тэрыторыі Беларусі самалёт шведскага рэкламнага агенцтва Studio Total. Цяпер яму пагражае ад трох да сямі гадоў турмы, перадае «Радыё Свабода».

У фота-акцыі падтрымкі пад слоганам «Самі пра...лі, самі адказвайце. Свабоду журналісту!» ужо паўдзельнічалі журналісты розных СМІ - ад тэлеканала «Белсат» да «Камсамольскай праўды». Адзін з іх - журналіст і фатограф інтэрнэт-выдання «Салiдарнасць» Сяргей Балай.

«Антон - мой сябар. І вельмі добры сябар. Мы з ім разам працавалі ў розных сітуацыях, абставінах, на розных мерапрыемствах. У мяне выклікае, мякка кажучы, здзіўленне тое, што яго затрымалі ў сувязі з «плюшавым дэсантам». Гэта чалавек, які абсалютна ніяк не датычны да гэтай акцыі, а проста размясціў здымкі. Як фатографа мяне гэта вельмі абурае. На яго месцы мог апынуцца любы з нас - прыкладаў хапае», - кажа журналіст.

Сапраўды, сярод тых журналістаў, якія сфатаграфаваліся ў падтрымку Сурапіна, ёсць і тыя, каго затрымлівалі падчас выканання прафесійных абавязкаў, напрыклад, журналіста «Еўрарадыё» Алеся Пілецкага. І тыя, хто адседзеў адміністрацыйныя тэрміны, напрыклад, журналісты Сямён Печанко і Аляксандр Баразенка.

Падчас апошняга фотасета дадалося 11 фатаграфій. Сярод іншых на іх рэкламіст Юлія Ляшкевіч, блогер Арына Лісецкая, фатограф Андрэй Лянкевіч.

«Мне здаецца, цяпер той момант, калі трэба выказвацца. Чалавека «забралі» з-за сваёй прафесійнай дзейнасці. Калі зараз не казаць, то адбудзецца з ім тое, што, як мы ўсе ведаем, адбываецца з палітыкамі: ён можа ва ўсім прызнацца, перастаць працаваць, і гэтак далей, і гэтак далей. Зараз самы час казаць пра гэта. Не было ў мяне думак нават, далучацца ці не», - сказаў Андрэй Лянкевіч.

Акцыя праходзіць пад дзёрзкім слоганам «Самі пра...лі, самі адказвайце. Свабоду журналісту!» Чаму ён быў абраны і як ставяцца да яго ўдзельнікі? Каардынатар акцыі кажа, што гэтая ідэя з'явілася, калі Антон сядзеў яшчэ толькі некалькі дзён: «Нам хацелася вельмі зразумелым і жорсткім чынам выказаць сваё стаўленне. Там стаяць «зорачкі» - кожны можа падставіць у іх свае літары. Але з улікам метадаў, якімі дзейнічаюць улады - пагражаць сям'ю гадамі турмы журналісту, які проста размясціў фота на сайце, - проста лістамі ў пракуратуру тут не дапаможаш. Нам падалося, што такія словы тут да месца».

Фатограф Андрэй Лянкевіч лічыць, што гэта мова, якую «усё разумеюць»: «У гэтым слогане ёсць усё і нічога не трэба тлумачыць: што адбываецца, як мы да гэтага ставімся і што трэба рабіць».

Журналісцкая акцыя ў падтрымку Антона Сурапіна шырока абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках, пра яе паведамілі шматлікія беларускія СМІ, часопіс «Рускі Рэпарцёр». Канал «Еўраньюс» пачаў свой рэпартаж аб арышце Антона Сурапіна з кадраў фотасесіі журналісцкай салідарнасці.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках