28 красавiка 2024, Нядзеля, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельская міліцыя збіла бяздомнага «у рамках закона»

18
Гомельская міліцыя збіла бяздомнага «у рамках закона»

Кіраўніцтва Цэнтральнага РАУС Гомеля адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу па заяве бяздомнага, які скардзіўся на збіццё міліцыянтамі.

У адказе, які атрымала актывістка Беларускага Хельсінкскага камітэта Марыя Багдановіч, гаворыцца, што міліцыя дзейнічала ў рамках закона. Разам з тым міліцыянтам указана на неабходнасць ветлівага і ўважлівага абыходжання з грамадзянамі, піша БелаПАН.

Гомельскі бяздомны Міхаіл Стральчэня з дапамогай Багдановіч напісаў заяву начальніку Цэнтральнага РАУС, у якой паведаміў аб беспадстаўным збіцці яго міліцыянтамі. Заяўнік адзначыў, што, калі ён прасіў міласціну ў сабора, да яго падышлі міліцыянты і прапанавалі прайсці ў апорны пункт. «Сталі хапаць мяне, пагражаць, што завязуць у лес і закапаюць». Я баяўся ехаць з імі ў «апорку», так як усе бяздомныя казалі, што там моцна б'юць. У выніку мяне завезлі на аўтамабілі ў апорны пункт, дзе адзін з міліцыянтаў пабіў мяне дубінкай па руках, нагах і галаве», - патлумачыў Стральчэня. Паводле яго слоў, яго, як і іншых бяздомных, білі ў аддзеле міліцыі і раней.

Раней Багдановіч станавілася сведкай жорсткага абыходжання міліцыі з бяздомнымі. На гэтую праблему яна звяртала ўвагу кіраўніцтва міліцыі і пракуратуры, адзначаючы, што міліцыянты адганяюць ад Петрапаўлаўскага сабора просьбітаў міласціны. З пракуратуры Цэнтральнага раёна быў дадзены адказ, што прасіць міласціну законам не забараняецца, калі пры гэтым не парушаецца грамадскі парадак.

«Я чакала прыкладна такога адказу, таму што, на жаль, пацярпелы не зняў пабоі, гэта была яго памылка, і хай на гэтай памылцы навучацца іншыя», - заявіла Багдановіч.

Міліцыянты, якія затрымлівалі бяздомнага, растлумачылі, што яны заўважылі каля сабора мужчыну, які разам з іншымі прасіў міласціну, і правялі з імі прафілактычную размову, падчас якой бяздомныя пакінулі тэрыторыю сабора, а Стральчэня адмовіўся, і яго даставілі ў міліцыю. Міліцыянты сцвярджаюць, што фізічная сіла да затрыманага не ўжывалася. «Тут не тлумачыцца, у сувязі з чым праводзілася прафілактычная гутарка і чаму бяздомных папрасілі выдаліцца. Міліцыя прывыкла лічыць просьбітаў міласціны не зусім людзьмі. Хацелася б, каб у міліцыі было больш уважлівае і ветлівае стаўленне да грамадзян па-за залежнасці ад таго, да якой сацыяльнай катэгорыі яны адносяцца», - сказала праваабаронца.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках