Сяргей Ханжанкоў паўдзельнічае ў марафоне салідарнасці
5- 20.09.2012, 12:04
20 верасня ў 18 гадзін у офісе партыі БНФ у Менску пройдзе чарговы вечар салідарнасці з палітвязнямі.
На сустрэчу з удзельнікамі марафону прыйдзе савецкі палітвязень Сяргей Ханжанкоў, перадае «Радыё Свабода».
У 60-х гадах Сяргей Ханжанкоў арганізаваў у Менску групу моладзі, каб падарваць тэлевежу.
Ажыццявіць план не атрымалася, так як сярод падпольшчыкаў апынуліся сексоты. У 1963-м 21-гадовага Ханжанкова пакаралі 10 гадамі зняволення ў лагерах. З 1973 года ён жыве ў Менску. Па сённяшні дзень не рэабілітаваны.
У мерапрыемствах «марафона салідарнасці» з палітвязнямі ўжо паўдзельнічалі музыкі Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, Зміцер Бартосік і літаратар Славамір Адамовіч.
Мэта акцыі - чарговы раз прыцягнуць грамадскую ўвагу да праблемы палітвязняў у Беларусі, а таксама сабраць матэрыяльную дапамогу іх сем'ям.