15 чэрвеня 2026, панядзелак, 11:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзіцячыя дамы могуць пазбавіцца гуманітарнай дапамогі

25
Дзіцячыя дамы могуць пазбавіцца гуманітарнай дапамогі

Сітуацыя, якая склалася на беларускай мяжы, вымушае прадстаўнікоў замежных фондаў перагледзець сваю дзейнасць у Беларусі.

Канвоі з гуманітарнымі грузамі беларускія мытнікі трымаюць па 15 гадзін і больш.

Грамадзяне Англіі Марсія і Майкл Дойл больш за 20 гадоў аказваюць дапамогу беларускім дзецям. За гэты час на аздараўленне ва Уэльс было вывезена больш за тысячу чалавек. Сотні дзяцей у інтэрнатах атрымалі дэфіцытныя лекі, харчаванне, адзенне, цацкі, школьныя прыналежнасці. Але сёння неабыякавыя людзі, якія ўсё гэтую дапамогу арганізоўвалі, у разгубленасці, піша "Народная воля".

Марсія Дойл распавяла, як тры дні таму канвой з Уэльса перасякаў беларускую мяжу:

«Мы прастаялі на мяжы больш за 15 гадзін. Мы людзі сталага ўзросту, маем праблемы са здароўем, і нам, натуральна, было цяжка гэта вытрымаць. Мытнікі дэталёва праглядалі ўсё, вывучалі пералік гуманітарнай дапамогі. Нас папрасілі падрабязна распісаць кожны пункт. Напрыклад, калі яны прачыталі «мыйныя сродкі», то папрасілі падрабязна напісаць, колькі грамаў мыла ўвозіцца, колькі шампуня, колькі пральнага парашка... Яны былі ветлівыя і добразычлівыя, але нам ад гэтага не было лягчэй.

Час ішоў, а мы ўсё пісалі, удакладнялі, адказвалі на пытанні, узгаднялі розныя фармальнасці. Такога раней ніколі не было. Наогул, у апошні час стала нашмат складаней аказваць дапамогу беларускім дзецям. А яна ж ім патрэбна, яны за яе ўдзячныя».

Ірландзец Лім О'Мара таксама доўгі час займаецца дабрачыннай дзейнасцю ў Беларусі. Ён таксама адзначае, што праблем становіцца ўсё больш:

«Вялікія праблемы цяпер у нашых валанцёраў з візамі. Нашы валанцёры могуць знаходзіцца ў Беларусі пяць дзён. Яны амаль не спяць, каб паспець зрабіць рамонт, паставіць сантэхніку, абсталяванне і не парушыць ваша візавае заканадаўства. Акрамя таго, пачалі узнікаць праблемы і з выездам дзяцей у Ірландыю. Таму цяпер арганізуем адпачынак дзяцей на вакацыях тут, у Беларусі. Нядаўна прывозілі дзяцей з інтэрната ў Менск, вадзілі іх у Батанічны сад, у тэатр, у музей».

Марыя Міцкевіч, старшыня дзіцячага фонду «Сакавік», папярэджвае, што, калі сітуацыя на мяжы не зменіцца, то замежныя партнёры могуць проста спыніць дапамогу Беларусі:

«Тое, што зараз адбываецца на нашай мяжы, інакш як здзекам над людзьмі, якія столькі робяць для нашых дзяцей, не назавеш. Амаль усе ўжо адмовіліся вазіць сюды лекі, бо столькі трэба выканаць розных фармальнасцей, што людзі папросту не жадаюць марнаваць час і псаваць свае нервы. Цяпер яны вязуць тое, чаго катастрафічна не хапае - пратэзы, мыйныя сродкі, памперсы...

У нас жа ўсё гэта вельмі дорага каштуе. Але што іх чакае на мяжы? Праехалі праз усю Еўропу, стаміліся, а тут трэба яшчэ амаль суткі не спаць з-за нейкіх незразумелых інструкцый. Напрыклад, Марсія і Майкл ў размове са мной сказалі, што схіляюцца да думкі спыніць пакуль паездкі ў Беларусь. Яны людзі сталага ўзросту, і такія выпрабаванні ім ужо не па сілах.

Як кажуць, сітуацыя не патрабуе камэнтароў - адно абурэнне. Беларуская дзяржава не толькі сама не ў стане забяспечыць абяздоленых людзей усім неабходным, але і чыніць перашкоды тым, хто імкнецца дапамагчы беларусам, якія апынуліся ў цяжкім стане.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках