18 траўня 2024, Субота, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотаздымкі Google Maps: як знішчаюць зялёны Менск

18

«Менск быў, ёсць і застанецца адным з самых зялёных гарадоў свету», - заявіў гэтай вясной Мікалай Ладуцька падчас сустрэчы з жыхарамі Цэнтральнага раёна.

З гэтым сцвярджэннем наўрад ці пагодзяцца абаронцы парку 40-годдзя Кастрычніка і ўдзельнікі іншых «зялёных» канфліктаў, якія час ад часу ўспыхваюць у розных раёнах горада. Што б ні казалі чыноўнікі, а за мінулы год рэкрэацыйныя зоны сталіцы панеслі страты. На жаль, незаменныя. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зірнуць на абноўленыя спадарожнікавыя фатаграфіі картаграфічнай службы Google Maps, піша onliner.by.

Папярэдняя версія Менска ў Google Maps існавала з траўня 2011 года, цяпер жа здымкі горада абноўленыя па стане на 30 ліпеня 2012 года. Што змянілася за гэты час?

Так парк 40-годдзя Кастрычніка выглядаў да таго, як тут была закладзена памятная капсула, якая сімвалізуе пачатак будаўніцтва пяцізоркавага гатэля «Пекін».

Высечка парку пачалася ў канцы мінулага года. Спачатку мясцовыя жыхары проста загарадзілі сабой дрэвы, затым пачалася перапіска з рознымі інстанцыямі, быў нават адкрыты ліст на імя прэзідэнта і судовы пазоў супраць заказчыка. У выніку ўлады пайшлі толькі на «касметычныя» саступкі: высадзілі пад вокнамі пратэстуючых маладыя дрэўцы, паабяцалі капрамонт і добраўпарадкаванне двароў. А потым знеслі паўпарка.

Не меншы рэзананс атрымала барацьба жыхароў мікрараёна Уручча-2 за захаванне невялікага сквера, на месцы якога ўжо пачалося будаўніцтва дамоў для спецназа.

Скрыжаванне вуліц Шугаева і Русіянава ў канцы траўня 2011-га.

Не жадаючы ўшчыльняцца, жыхары квартала правялі суботнік, за ўласныя сродкі купілі і пасадзілі новыя дрэвы. А праз некаторы час у скверы ўжо варочала піламі і сякерамі група дужых хлопцаў са спецназа. У ліпені, калі будаўнікі гарадзілі плот, падчас чарговага стыхійнага мітынгу міліцыя затрымала аднаго з актывістаў. З тых часоў Уручча не бунтуе.

Яшчэ адзін леташні канфлікт звязаны з будаўніцтвам 18-павярховага адміністрацыйнага будынка ў самым пачатку праспекта Дзяржынскага і высечкай ў сувязі з гэтым старых дубоў. Мясцовыя жыхары напісалі лісты ў розныя інстанцыі і дамагліся пераносу паркінга на іншую пляцоўку. Астатнія дубы былі абнесеныя плотам.

Мінулай восенню ў Малінаўцы знікла цэлая алея. Дакладней сказаць, нават не алея, а частка старадаўняга гасцінца - калісьці тут праходзіла дарога на Брэст. Да здзіўлення, мясцовыя жыхары, якія так любілі выгульваць тут сабак, спроб спыніць будоўлю жылога комплексу не рабілі. Параўнаем, што было і што стала.

Парадзеў за апошні час сквер на вул. Зыбіцкай ў самым цэнтры Менска. Інвестар мае намер узвесці тут квартал псеўдагістарычнай забудовы пад назвай «На гандлёвай набярэжнай». Цалкам магчыма, па меры рэалізацыі праекта зялёная зона будзе практычна цалкам знішчана.

А гэта парк 900-годдзя Менска, «ушчыльнены» «Чыжоўка-Арэнай». Тэрыторыю пад спартыўны комплекс расчысцілі яшчэ ў 2011-м, аднак на гэтым парк у спакоі не пакінулі. Як бачна па здымках са спадарожніка, за апошні год зніклі дрэвы ўздоўж вуліцы Ташкенцкай.

Сёння ў Менску назіраецца няпростая сітуацыя. Пустак пад новае будаўніцтва не засталося, паўтараюць чыноўнікі. І ў той жа час розныя інвестары, часам сумніўнага паходжання, робяць спробы ўшчыльніць бізнес-цэнтрам, рэстаранам або жылым домам той ці іншы квартал, а то і замахваюцца на зялёную зону. Архітэктары прызнаюць: у бліжэйшы час на паркі і скверы, увесь водна-зялёны дыяметр Менска, будзе аказвацца сур'ёзны ціск. А значыць, новы канфлікт можа даць аб сабе ведаць у любы час.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках