7 траўня 2024, aўторак, 6:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Еўціхіеў: Паролі выбівалі гадзіну - білі па галаве, у грудзі, жывот

143

Затрыманы мадэратар даў інтэрв'ю charter97.org пасля выхаду з турмы.

Павел Еўціхіеў распавёў пра сваё затрыманне і пра тое, як супрацоўнікі КДБ выбівалі з яго патрэбную ім інфармацыю.

«Спецслужбы прыехалі да маёй маці на працу, прымусілі яе вярнуцца дадому і адкрыць дзверы ў нашу кватэру. Калі яны ўвайшлі, я разгубіўся і нічога не паспеў зрабіць. Камітэтчыкі адразу кінуліся да кампутара, а мяне адвялі на кухню і зладзілі допыт. Мяне пыталі пра тыя рэчы, якія я абмяркоўваў толькі ў перапісцы са знаёмымі людзьмі, таму я думаю, што яны перахаплялі ўсю маю перапіску «Укантакце». Таксама пыталіся пра нашы супольнасці ў сацыяльнай сетцы. Патрабавалі здаць адміністратараў, якія знаходзіліся ў групе пад выдуманымі імёнамі, але я ім нічога не сказаў», - распавядае Павел Еўціхіеў.

«Потым мяне адвялі ў залу і каля гадзіны з мяне спрабавалі выбіць пароль. Білі па галаве, у грудзі і жывот. Экзэкуцыяй займаўся вядомы агент Зміцер Каламіец, а назіраў за гэтым Раман Сівухін. Калі яны зразумелі, што з мяне ім нічога не выбіць, яны залезлі ў кампутар і знайшлі паролі там. Пасля гэтага мяне адвезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёна, дзе я заявіў супрацоўніку Расольке Ю.А. аб разбойным нападзе і рабаванні (у мяне забралі кампутарную тэхніку). Ён запісаў мае паказанні, але я ўпэўнены, што іх выкінулі ў сметніцу», - сказаў мадэратар.

«Далей на мяне сфабрыкавалі адміністрацыйную справу, што я нібыта прыйшоў у аддзяленне міліцыі і там аблаяў міліцыянтаў матам. Пры гэтым я на заўвагі не рэагаваў, і ім давялося мяне затрымаць. Мяне павезлі ў суд Кастрычніцкага раёна, па дарозе мне сказалі, што дадуць 5 сутак арышту. Суддзю Германовіч С.М. прыйшлося чакаць некалькі гадзін. Калі падчас суда мяне спыталі, ці прызнаю я сваю віну, я адказаў - а якая розніца, прызнаю ці не? На што суддзя мне сказаў: «Мы павінны сыграць свае ролі да канца». Мне далі 5 сутак», - узгадвае Павел Еўціхіеў.

«У 18:00 мяне вывезлі з суда ў турму на Акрэсціна, у стары корпус. У суседняй са мной камеры апынуўся яшчэ адзін затрыманы мадэратар супольнасці Андрэй Ткачоў, ён выйдзе 6-га верасня. Падчас тэрміна ў ізалятары чэкісты да мяне не прыходзілі. Пасля выхаду з Акрэсціна мне вярнулі кампутарную тэхніку, але я ўпэўнены, што яна цяпер нашпігаваная вірусамі і жучкамі», - скончыў свой аповед адзін з адміністратараў супольнасці «Надакучыў нам гэты Лукашэнка».

Нагадаем, 30 жніўня супрацоўнікі спэцслужбаў затрымалі чатырох мадэратараў пратэстных супольнасцей у сацыяльнай сетцы «Укантакце»: Андрэя Ткачова, Алега Шрамука, Паўла Еўцiхіева і Рамана Пратасевіча. Яшчэ аднаму адміністратару Сяргею Бяспалаву атрымалася ўцячы. Камітэтчыкі канфіскавалі кампутарную тэхніку мадэратараў і атрымалі доступ да кіравання групы «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» з 37.000 удзельнікамі і «Толькі ШОС!» з больш чым 15.000 падпісчыкамі. Спецслужбы выдалілі групы, але 3 верасня тэхнічная падтрымка сацыяльнай сеткі аднавіла знішчаныя супольнасці. Пасля гэтага супрацоўнікі КДБ праз акаўнт стваральніка супольнасці Алега Шрамука зноў захапілі групу і цяпер размяшчаюць у ёй паклёп на іншых адміністратараў супольнасцей.

Пасля затрымання і допыту Андрэя Ткачова асудзілі на 7 сутак за «дробнае хуліганства», Паўла Еўціхіева - на 5 сутак, Алега Шрамука вызвалілі позна ўначы пасля допыту, непаўналетняга Рамана Пратасевіча збілі і пазней вызвалілі.

Зміцер Каламіец

Раман Сівухін і Зміцер Каламіец

Напісаць каментар 143

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках