7 траўня 2024, aўторак, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ткачоў: Білі і пагражалі, што не выйду да Новага года

40
Андрэй Ткачоў: Білі і пагражалі, што не выйду да Новага года

КДБ шантажаваў адміністратара апазіцыйнай групы ва «Укантакце».

Мадэратар супольнасцей «Толькі ШОС!» і «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» у сацыяльнай сетцы «Укантакце» Андрэй Ткачоў распавёў сайту charter97.org пра тое, як яго арыштоўвалі сем «амбалаў» у спартыўных касцюмах, як потым супрацоўнікі КДБ яго білі і пагражалі яму і яго дзяўчыне.

«Сплю я 30-га жніўня ў кватэры ў сваёй дзяўчыны, нікога не чапаю. Дзяўчына выйшла выгуляць сабаку, і я застаўся ў кватэры адзін. Было каля 11-і гадзін дня. Скрозь сон чую, як нехта спрабуе адкрыць дзверы. І тут жа - дзікі тупат. Прыўздымаю галаву - у пакой улятае сем «граміл» у спартыўных касцюмах і выцягваюць мяне з ложку ў чым маці нарадзіла. Закруцілі рукі, але апрануцца ўсё ж такі далі. Выграблі ўсю тэхніку з кватэры - ноўтбукі, тэлефоны, фотаапарат, флэшкі, хоць амаль усё абсталяванне было не маё, а маёй дзяўчыны», - успамінае Андрэй Ткачоў.

«Пры гэтым мне ніхто нічога не казаў. Ні хто яны такія, ні ў чым мяне абвінавачваюць. На любыя пытанні на мяне аралі - не размаўляць! Вывелі пад канвоем з кватэры, пасадзілі ў сіні мікрааўтобус і адвезлі ў Фрунзенскі РУУС. Там мяне адвялі ў кабінет, дзе ўжо знаходзіліся тры камітэтчыка - два аператыўных работніка і адзін кампутарны спецыяліст. Аператыўнікі, як звычайна, гулялі ў «добрага» і «дрэннага» паліцэйскіх», - распавядае мадэратар пратэстных супольнасцей.

«Кадэбэшнікі сталі патрабаваць у мяне паролі ад майго акаўнта ў сацыяльнай сетцы. Пагражалі, што будуць саджаць мяне на Акрэсціна пастаянна, што я не выйду да Новага года. Казалі, што зламаюць нос, білі па галаве, шыі і па нагах. Пагражалі, што маю дзяўчыну выганяць з БДУ і будуць усяляк яе пераследваць. Пры гэтым яны знайшлі нашы асабістыя здымкі на фотаапараце і абяцалі выкласці іх у публічны доступ», - кажа адміністратар групы «Надакучыў нам гэты Лукашэнка».

«Потым на мяне сфабрыкавалі пратакол, што я нібыта палаяўся з дзяўчынай, выйшаў з хаты да крамы і там лаяўся матам. Згодна з іх абвінавачваннем, да мяне падышоў супрацоўнік міліцыі ў цывільным, які зрабіў мне заўвагу - натуральна, я яго нібыта аблаяў. Тады, па іх абвінавачванні, міліцыянт выклікаў нарад і мяне затрымалі. Мяне адвезлі ў суд Фрунзенскага раёна, дзе мне далі 7 сутак арышту. Потым мяне зноў адвезлі ў РУУС. У агульнай колькасці я правёў там 9 гадзін без ежы і вады, у якіх мне адмаўлялі. У 22 гадзіны мяне адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Там да мяне супрацоўнікі КДБ не прыходзілі. Мне сказалі, што яны вернуць маёй дзяўчыне яе тэхніку, але нічога да гэтага часу нічога не вярнулі», - сказаў Андрэй Ткачоў.

Нагадаем, 30 жніўня ў Беларусі прайшлі масавыя арышты мадэратараў пратэстных груп у сацыяльнай сетцы «Укантакце». Так, былі арыштаваныя Андрэй Ткачоў - яго асудзілі на 7 сутак арышту, Павел Еўціхіеў - 5 сутак, Рамана Пратасевіча збілі, але потым вызвалілі як непаўналетняга, Сяргей Бяспалаў паспеў збегчы ад спецслужбаў і цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Алега Шрамука затрымалі ў Віцебску і выбілі ў яго паролі да яго акаўнта.

Пасля арышту мадэратараў, спецслужбы атрымалі доступ да кіравання групамі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» з 37.000 карыстальнікамі і «Толькі ШОС!» з больш чым 15.000 удзельнікамі. Абедзве супольнасці былі выдаленыя. Пасля таго, як тэхпадтрымка аднавіла выдаленыя групы, камітэтчыкі зноў атрымалі да іх кантроль праз акаўнты затрыманых мадэратараў і сталі публікаваць правакацыйныя запісы. Тэхпадтрымка сайта вярнула сапраўдных адміністратараў ва ўпраўленне групы, а акаўнты камітэтчыкаў выдаліла.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках