«Крэдэксбанк» змяніў назву з-за санкцый ЗША
12- 23.01.2013, 8:35
Беларускі банк, абвінавачаны Міністэрствам фінансаў ЗША ў адмыванні грошай, перайменаваны ў «ІнтэрПэйБанк».
Новая назва «Крэдэксбанка» з'явілася на сайце Нацбанка.
Як паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік беларускага банка, расейскія кампаніі ТАА «Альянс Іпатэка» і ЗАТ «Старбанк» купілі беларускі банк ЗАТ «Крэдэксбанк», які ў траўні мінулага года быў абвінавачаны Мінфінам ЗША ў адмыванні грошай, і перайменавалі яго ў ЗАТ «ІнтэрПэйБанк».
«У снежні 2012 года ў банка з'явіліся новыя акцыянеры, расейскія кампаніі - «Альянс Іпатэка» з доляй 79,8% і ЗАТ «Старбанк» з доляй 19,72%. Кампанія Vicpart Holding ужо не з'яўляецца акцыянерам нашага банка», - сказаў прадстаўнік банка. Ён таксама адзначыў, што пасля набыцця банка новыя акцыянеры перайменавалі банк у ЗАТ «ІнтэрПэйБанк».
Суму здзелкі па продажу банка расейскаму інвестару суразмоўца не назваў.
Нагадаем, у траўні мінулага года Мінфін ЗША назваў беларускі банк «ключавым цэнтрам глабальнага адмывання грошай» і ўключыў яго ў профіль 311 Патрыятычнага Акту, як установу, якая выклікае «першачарговую занепакоенасць з нагоды ўдзелу ў адмыванні грошай».
Амерыканскія ўлады падазраюць, што «Крэдэксбанк», які ўваходзіць у групу малых беларускіх банкаў (22-е месца па памеры актываў з 32 беларускіх банкаў), ажыццяўляў вельмі вялікія, адносна яго капіталізацыі, па аб'ёмах аперацыі, якія, на думку Мінфіна ЗША, сведчаць аб адмыванні грошай ад імя падстаўных кампаній. Паводле інфармацыі Мінфіна ЗША, як мінімум з 2006 года гэты банк займаецца «вельмі сумніўнымі фінансавымі аперацыямі, якія паказваюць на адмыванне грошай». У прыватнасці, сцвярджаецца, што ў перыяд са студзеня па сакавік 2010 года беларускі банк ажыццявіў плацяжы на $1 млрд у адрас падстаўных кампаній, зарэгістраваных у некалькіх юрысдыкцыях.
«Крэдэксбанк» (да лютага 2007 года «Паўночны інвестыцыйны банк») быў заснаваны ў 2001 годзе на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Менск» швейцарскай кампаніяй Vicpart Holding SA, якой належыць 98,82% акцый банка. Яшчэ адным акцыянерам банка з'яўляецца ЗТАА «Сэнтэкінвест »(1,18%). Бенефіцыярным уладальнікам «Крэдэксбанка»была Michel Haessig (Швейцарыя).