27 красавiка 2024, Субота, 11:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Пастноў: Псіхіятрыя - небяспечная зброя ў руках уладаў

30
Ігар Пастноў: Псіхіятрыя - небяспечная зброя ў руках уладаў

Віцебскі лекар, які больш за месяц знаходзіўся на прымусовым псіхіятрычным лячэнні, некалькі дзён таму выйшаў на працу.

Адміністрацыя абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі перавяла яго на іншую пасаду: цяпер ён працуе не ў бальніцы, а ў псіхіятрычным дыспансэры, піша ПЦ «Вясна».

Праца яго задавальняе, але з дыягназам «расстройства асобы» ён не згодны.

Ігар Пастноў лічыць, што такі дыягназ яму паставілі беспадстаўна:

«Згодна з міжнароднай класіфікацыяй, прыкметамі расстройствы асобы па параноіднаму тыпу з'яўляюцца, напрыклад, тэндэнцыя быць пастаянна незадаволеным чымсьці ці кімсьці, падазронасць, схільнасць да скажэння фактаў праз нейкія хібы ўспрымання, занадта ўважлівае або ваяўнічае стаўленне да пытанняў, звязаных з правамі асобы, наяўнасць звыш каштоўных ідэй. У мяне няма ні падазронасці, ні схільнасці скажаць факты. Я ніколі не казаў аб нейкіх сваіх асабістых крыўдах, нейкім ціску на мяне асабіста. Не было ў мяне і звыш каштоўных ідэй накшталт адпраўкі ў адстаўку старшыні аблвыканкама Аляксандра Касінца. Да яго асабіста ў мяне няма прэтэнзій, але да яго дзеянняў - ёсць. Чаму ў Віцебску пабудавалі двухпавярховы дом для абласных чыноўнікаў, а інфекцыйная бальніца чацвёрты год на рамонце? Пра гэта трэба казаць гучна, каб недахопы былі ліквідаваныя».

Віцебскага лекара сілком паклалі ў псіхіятрычную бальніцу неўзабаве пасля чарговага крытычнага відэавыступлення, выкладзенага на youtube. Ініцыятыву праявілі яго калегі - кіраўнік абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Алена Мартынава ініцыявала пасяджэнне камісіі, якая ў адсутнасць Пастнова зрабіла высновы пра пагаршэнне яго псіхічнага здароўя. На гэтай падставе суд віцебскага раёна санкцыянаваў прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Таксама ў яго адсутнасць, успамінае Ігар Пастноў:

«Калегі зрабілі свае высновы, і суд іх прыняў пад увагу. Здаецца, усё законна: чаму суд не павінен давяраць спецыялістам? Але псіхіятрыя - гэта вельмі вострая зброя дзяржавы. Яна можа выкарыстоўвацца ў любой сітуацыі - калі ёсць спрэчкі за маёмасць, калі кагосьці захочуць абвясціць недзеяздольным, калі чалавек робіць занадта смелыя палітычныя крокі. Ды той жа самы хлопец, які на плошчы пляскаў у далоні, таксама можа быць абвешчаны асобай з неадэкватнымі паводзінамі! Пра мяне, напрыклад, напісалі, што ў маім псіхічным стане я магу зрабіць сабе шкоду. Заўважце, не іншым, а сабе! І на гэтай падставе мяне схапілі прама на працоўным месцы, змясцілі ў псіхушку, не пусцілі на суд, сілком прымушалі прымаць лекі... Але справа не ўва мне: пакуль дзейнічае дзейны закон «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі», на маім месцы можа апынуцца кожны».

Віцебскі лекар, якога недзяржаўныя СМІ называюць «Праўдарубам», хоча ініцыяваць унясенне паправак у дзеючы закон. Ён перакананы, што яго выпісалі з псыхіятрычнай бальніцы, дзе ён знаходзіўся з 16 жніўня да 20 верасня, у першую чаргу дзякуючы ўмяшанню грамадскасці. 29 жніўня праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла аб гатоўнасці прызнаць Пастнова вязнем сумлення. 2 верасня была прынятая сумесная заява БХК і ПЦ «Вясна» з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова. У сетцы з'явіліся адразу некалькі петыцый для збору подпісаў за яго вызваленне.

Цяпер спадар Пастноў спадзяецца, што праваабаронцы далучацца да яго ініцыятывы адносна ўнясення змяненняў у закон «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі».

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках