28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бег па замкнёным коле

5
Бег па замкнёным коле

Эксперты скептычна ацанілі гатоўнасць Менска выконваць новы план прыватызацыі.

Прыватызацыйнае дэжавю

Прыватызацыя з'яўляецца адной з галоўных умоў супрацоўніцтва Менска з асноўнымі крэдыторамі - МВФ і Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС. Але, на думку аналітыкаў, прыватызацыйныя планы беларускіх уладаў могуць застацца дэкларацыямі, і да продажу дзяржуласнасці справа не дойдзе, паведамляе Deutsche Welle.

Нягледзячы на вялікі спіс заводаў і фабрык, ад продажу якіх урад і Нацбанк спадзяюцца атрымаць не менш як 4,5 мільярды даляраў ужо да сярэдзіны 2014 года, эксперты мяркуюць, што прыватызацыйны працэс зацягнецца. «Абяцаннем прыватызацыі Менск ужо не першы раз заваблівае крэдытораў, каб залатаць дзіравы бюджэт і пры гэтым не мяняць неэфектыўную эканамічную мадэль», - заявіў эксперт расейскага НДУ ВШЭ Дзмітрый Балкунец.

Ён нагадаў, што беларускія ўлады і раней публікавалі спісы прадпрыемстваў, якія выстаўляюцца на продаж, праводзілі інвестыцыйныя форумы, але пры гэтым буйной угодай стаў толькі продаж «Белтрансгазу» Расеі ў 2011 годзе. За 2013 за кошт прыватызацыі не было атрымана ні капейкі, а ў 2012 годзе за 3,2 мільёнаў даляраў быў прададзены кантрольны пакет аднаго дзяржпрадпрыемства.

Чаргі не будзе

Чарга з інвестараў у Беларусь не выбудуецца і цяпер, мяркуе Дзмітрый Балкунец. «Бізнэс павінен быць упэўнены, што ўкладзеныя грошы прынясуць прыбытак, а не знікнуць, як ужо было пры гэтых уладах», - тлумачыць ён сваю пазіцыю. Бо, са слоў Балкунца, змены ў беларускім заканадаўстве толькі фармальна палегчылі працу бізнэсменаў.

Велізарнай шкодай для інвестыцыйнага іміджу Беларусі аналітык назваў леташнюю нацыяналізацыю дзвюх кандытарскіх фабрык паводле асабістага ўказання прэзідэнта і нядаўні арышт гендырэктара расейскага «Уралкалію». «Такім чынам, праблемы носяць не толькі эканамічны, але і палітычны характар, у тым ліку праз правакацыйныя паводзіны Лукашэнкі ў адносінах да бізнэсменаў», - робіць выснову Дзмітрый Балкунец.

Падлягае сумневу, як мяркуе эксперт расейскай НДУ ВШЭ эканомікі, і тое, што будуць прададзеныя 42,7 адсоткаў акцый Мазырскага НПЗ, якія засталіся ў беларускай дзяржавы. «Усе размовы аб продажы буйных актываў у Беларусі заўсёды заканчваліся спрэчкай з інвестарам аб цане, у выніку нічога не прадавалася», - канстатуе эксперт.

Хто купіць НПЗ?

Навуковы супрацоўнік Інстытута эканамічнай палітыкі імя Гайдара Сяргей Жаваранкаў таксама скептычна ацэньвае перспектыву прыватызацыі Мазырскага НПЗ. «Прыватная ўласнасць у Беларусі - паняцце ўмоўнае, так як бізнэс моцна залежны ад улады», - патлумачыў Жаваранкаў.

Але, з ягоных слоў, калі б адбылася буйная ўгода з асноўнымі прэтэндэнтамі на акцыі НПЗ у Мазыры (расейскімі «Газпрамнафтай» і «Раснафтай», якія на паях ужо валодаюць 42-адсоткавым пакетам акцый гэтага прадпрыемства), «то выкінуць такіх інвестараў з краіны, як гэта было з іншымі, было б не так ужо проста».

Беларускае кіраўніцтва ўсведамляе пагрозу страты кантролю над НПЗ і гатова расстацца толькі са стратнымі прадпрыемствамі, продаж якіх абцяжараны рознымі ўмовамі, напрыклад, захаваннем профілю дзейнасці і колькасці працоўных месцаў. Але гэта можа адпудзіць інвестараў, мяркуе Жаваранкаў.

Таму ён называе абнародаванне прыватызацыйных планаў не больш чым піяр-акцыяй і тактычнай саступкай. «Затым, як гэта здаралася не раз, будуць выстаўленыя вар'яцкія цэны на дзяржактывы ці дадатковыя патрабаванні. Але пры гэтым Лукашэнка, не мяняючы эканамічную сістэму, ужо паспее атрымаць крэдыты альбо ад Расеі, альбо ад МВФ», - прагназуе ход развіцця падзей расейскі эксперт.

Тармажэнне на вышэйшым узроўні

Дырэктар у даследаваннях менскага Ліберальнага клубу Яўген Прэйгерман таксама ўпэўнены, што сама па сабе публікацыя спісаў прадпрыемстваў для продажу не азначае працэсаў лібералізацыі ў эканоміцы. Эксперт патлумачыў прычыны сур'ёзных, на яго погляд, перашкод для прыватызацыі ў Беларусі.

Тармозіць яе супраціў мясцовых уладаў і так званых «чырвоных дырэктараў», не зацікаўленых у змене формы ўласнасці дзяржпрадпрыемстваў. Акрамя таго, людзі, якія ў Менску адказваюць за прыцягненне інвестыцый, не ведаюць замежных моў і не ўмеюць праводзіць угоды, паскардзіўся Прэйгерман.

І хоць, паводле ягоных назіранняў, ва ўрадзе ёсць спецыялісты, гатовыя да рынкавых пераўтварэнняў, дзяржаўная ўласнасць для Лукашэнкі з'яўляецца спосабам кіравання насельніцтвам з дапамогай кантрактаў, калі людзі не пратэстуюць, баючыся быць звольненымі.

«Беларуская прыватызацыя - гэта бег па замкнёным коле, бо прэзідэнт не гатовы да яе і нічым не абмежаваны ў сваёй уладзе», - упэўнены і аналітык Інстытута Гайдара Сяргей Жаваранкаў. У існуючых умовах, на думку Жаваранкава, буйныя заходнія інвестары наўрад ці наважацца на набыццё якіх-небудзь актываў з апублікаванага спісу.

«Адзінымі магчымымі пакупнікамі могуць стаць толькі расейскія дзяржкампаніі, якія адчуваюць за сабой палітычную падтрымку Уладзіміра Пуціна, бо, як паказала гісторыя з арыштам Уладзіслава Баўмгертнера, расейскі прэзідэнт таксама не гатовы адстойваць інтарэсы прыватнага бізнэсу, як і Лукашэнка», - сказаў на заканчэнне Жаваранкаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках