28 красавiка 2024, Нядзеля, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ашуканы дзельнік: У нашым ЖБСК ўжо тры чалавекі памерлі ад гэтай калатні

10
Ашуканы дзельнік: У нашым ЖБСК ўжо тры чалавекі памерлі ад гэтай калатні

Пенсіянер Міхаіл Статкевіч праходзіць у крымінальнай справе дырэктара фірмы «Облик».

На ягоным прыкладзе можна бачыць, наколькі абвінавачваны ашукаў нават сваіх былых работнікаў, піша «Реальный Брест».

Дзве траціны жыцця гэты навучаны жыццём чалавек аддаў будоўлі, нават у Манголіі будаваў 5 гадоў, дзе год працы ішоў за два. 10 апошніх гадоў ён прапрацаваў у Мікалая Клімука брыгадзірам комплекснай брыгады. Будаваў жылыя дамы «Облика» на вуліцах Халтурына, Сікорскага, Малой, гандлёвы цэнтр на рагу Савецкай і Дзяржынскага ў Берасці.

А ў 2009 годзе собіла яму стаць дзельнікам будаўніцтва 111-кватэрнага 6-павярховага жылога дома. Таго самага, што засланіў сабой абласную бібліятэку, заняў зялёную зону перад ёй, выклікаўшы незадаволенасць грамадскай думкі.

«Я спярша заплаціў «Облику» за аднапакаёвую кватэру плошчай 43 «квадраты» 114 мільёнаў рублёў, або на той час у эквіваленце 52 тысячы даляраў, - расказаў Міхаіл Статкевіч. - У тыя часы выйшла 1230 даляраў за квадратны метр. Цяпер выходзіць, што Клімук гэтыя грошы скраў, і яны зніклі невядома дзе».

Калі ТАА «Облик» збанкрутавала, доўгі час на аб'ект не ступала нага чалавека. Потым дзельнікі ўтварылі ЖБСК «Дыпатамус», а дом падмеўся дабудоўваць будтрэст № 8 Берасця. Людзі вымушаныя былі зноў браць банкавыія крэдыты, каб разлічыцца з будаўнікамі.

А тут яшчэ новае насланнё: прызначанае судом антыкрызісным кіраўніком - ТДА «Дрэбезава і партнёры», - якое выступае ад імя «Облика», забрала ў так званую «конкурсную масу» 46 нічыйных кватэр, якія нікому належалі. А чальцы ЖБСК, прадаўшы іх, хацелі паправіць сваё і без таго цяжкае становішча. Былі павесілі на доме расцяжку, што прадаюцца кватэры. Цяпер іх будзе прадаваць ТДА «Дрэбезава і партнёры». Але, як кажуць, людзі прыходзяць, але як толькі пачуюць, што іх будаваў «Облик» - адразу ў дзверы і ходу!

Хоць на сённяшні дзень будаўнічая гатовасць дома дасягнула 85 %, ён трапіў у лік праблемных: нашмат перавышаны нарматыўны тэрмін яго будаўніцтва. Цяпер ідзе яго «штурм»: да канца года будынак павінен быць здадзены ў эксплуатацыю, як было абяцана прэзідэнцкай рабочай камісіі, што была ў Берасці.

Усе гэтыя калатнечы не прайшлі бясследна. «Тры чалавекі ўжо памерлі ў нашым ЖБСК «Дыпатамус», - распавёў Міхаіл Статкевіч. - Калі ніхто больш не выпруціць ногі, то мы яшчэ пакуль жывыя. У нас канторы няма, і чальцы кааператыва збіраюцца ў маёй кватэры, і ўсе лічым, пералічваем».

Былі спрабавалі судзіцца з антыкрызісным ТДА, дайшлі нават да Вышэйшага Гаспадарчага суда, але той усё ж такі развязаў пытанне з нічыйнымі кватэрамі на карысць ТДА «Дрэбезава і партнёры».

А Міхаілу Статкевічу ў мінулую пятніцу, 11 кастрычніка, даслалі паведамленне аб тым, што ён павінен яшчэ даплаціць за кватэру 325 млн рублёў! Гэта значыць амаль у тры разы больш, чымся «Облику». «Выйшла, што за адзін квадратны метр плошчы кватэры я павінен даплаціць з разліку 800 даляраў за метр, і ў цэлым з улікам выплаты «Облику» ў мяне адзін «квадрат» атрымаўся за 2000 даляраў! А мы ж небагатыя людзі, - наракае Міхаіл Уладзіміравіч. - Да прыкладу, я атрымліваю пенсію ў 2170 тысяч рублёў, хоць працаваў у Манголіі і добра зарабляў, але ў мангольскіх тугрыках. Аднак, як адказалі мне з Палаты прадстаўнікоў, зважаючы на тое, што вы зараблялі ў замежнай валюце, мы не можам весці разлік: у нас не ўлічваецца праца на Поўначы і за мяжой.

Я падлічыў, што калі я нават буду аддаваць усю пенсію на даплату за будаўніцтва кватэры, то за год збяру блізу 24 мільёнаў рублёў, а каб мне выплаціць усю суму, мне трэба блізу 14 гадоў. А ці пражыву я столькі? Вось мы з жонкай і думаем, што рабіць».

Паводле звестак будтрэста № 9, на сённяшні дзень ЖБСК «Дыпатамус» завінаваціўся будаўнікам за выкананыя работы блізу 18 мільярдаў рублёў. Тут ёсць ад чаго ўкінуцца ў роспач.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках