28 красавiка 2024, Нядзеля, 6:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deep Purple: Вельмі цудоўна зноў вярнуцца ў Менск

15
Deep Purple: Вельмі цудоўна зноў вярнуцца ў Менск

10 лістапада легендарная брытанская група прыедзе ў Беларусь.

Напярэдадні канцэрту Deep Purple журналісты пагутарылі з вакалістам гурта Янам Гіланам, каб даведацца пра саўндтрэк да фільма жахаў у новым альбоме, працу з новым і адначасова старым прадзюсарам, а таксама пра абрыдлы вобраз «класічнага року», піша ultra-music.

- Цудоўна, што вы зноў прыязджаеце ў Менск. А ці засталіся ў вас якія-небудзь асаблівыя ўспаміны аб мінулых канцэртах? Што Deep Purple падрыхтавалі для беларускай аўдыторыі?

- На самай справе, вельмі выдатна зноў вярнуцца сюды. У нас шмат новага матэрыялу, як і ўсім вядомых песень, і яны цудоўна дапаўняюць адзін аднаго. Група цяпер у выдатнай форме, і ўсё, што нам трэба, - фантастычная энергетыка беларускай публікі, каб адыграць запамінальнае шоў!

- З моманту выхаду альбома «Rapture of the Deep» прайшлі блізу васьмі гадоў. Як пачаўся працэс стварэння новай кружэлкі, што падштурхнула вас да гэтага?

- Ну, гады ляцяць хутка і, калі шчыра, мы і не заўважылі, што хтосьці ўжо чакае новага альбома. Але прыйшоў той самы час, і склаліся неабходныя абставіны, таму з таго моманту, як Боб Эрцін (прадзюсэр альбома) да нас далучыўся, мы не азіраліся назад. Ён стаў каталізатарам усяго.

- Як вам наогул працавалася з Бобам Эрцінам? Ён таксама прадзюсаваў альбом Kansas «In the Spirit of Things», так што Стыў Морс з ім на кароткай назе. А вось да іншых музыкаў Deep Purple Боб добра ставіўся?

- Боб проста цудоўны, яшчэ і сапраўдны прафесіянал. З ім было вельмі выдатна працаваць. Збольшага і праз яго аб'ектыўнасць, якая дазволіла нам засяродзіцца на працы і пазбавіцца ад усялякага намёку на нерашучасць.

- Як да вас прыйшла ідэя запрасіць на запіс студэнтаў Nimbus School of Recording Arts?

- Яе нам падказаў як раз Боб.

- Падобна на тое, вы часта пераязджалі з месца на месца падчас запісу «Now What?!». Як змена становішча, асяроддзя ўплывае на ваша ўспрыманне музыкі, якую вы ствараеце?

- Пераезды - цалкам натуральны працэс. Запісваліся мы ў Гішпаніі і Нямеччыне, ільвіная доля працы над праектам вялася ў Нэшвілі, невялікі крук у Партугалію, дзе мы з Роджэрам рабілі невялікія змены ў матэрыяле. Мы выбралі Нэшвіл, бо там знаходзіцца студыя Боба Эрціна, ды і сам ён там жыве, таму мы маглі карыстацца ўсімі яго прафесійнымі сувязямі. Знаходзячыся ў туры, мы прывыклі змяняць па пяць гарадоў у тыдзень, бо месца само па сабе не так ужо і важнае для нас. Асяроддзе куды важней.

- Вы прысвяцілі песню Вінцэнту Прайсу (амерыканскі акцёр, больш за ўсё вядомы сваімі работамі ў фільмах жахаў) з нейкай асаблівай прычыны, ці гэта быў проста прыдатны вобраз для адлюстравання атмасферы?

- Гэта была працоўная назва. Яшчэ да таго, як была напісаная сама песня, узнікла ідэя напісаць кароткі саўндтрэк да фільма жахаў. Ну, а гэта, як вы разумееце, вельмі добрая глеба для аўтара тэкстаў.

- Песня «Above and Beyond» прысвечаная Джону Лорду. Якія самыя светлыя ўспаміны ў вас з’яўляюцца пры згадванні яго імя?

- За доўгія гады было апублікавана нямала гісторый з удзелам Джона – выбірайце, якая падабаецца. Мне здаецца, дастаткова сказаць, што Джон - хросны бацька Deep Purple, яго праца ў студыі была бездакорнай, а сам ён з'яўляўся сапраўдным джэнтльменам і адным з нешматлікіх людзей у сучаснай музыцы, якіх можна не пакрывіўшы душой назваць маэстра.

- Не так даўно Роджэр сказаў, што група «не звяртае ўвагі на чарты, на тое, што папулярна, або на цяперашнія трэнды». Так ці цікавяць вас «чартавыя» поспехі «Now What?!»

- Відавочна, што рэчы такога роду важныя для музычнага бізнэсу, а мы любім наш лэйбл Edel. Для іх было б абразлівым, калі б я быў занадта легкадумным у гэтым пытанні. Але калі быць зусім сумленным, мы не так ужо і часта задумваемся над падобнымі пытаннямі. Deep Purple - гэта ўсё ж інструментальная група, і амаль увесь свой час мы праводзім «у дарозе».

- Як вам здаецца, што ў вашай музыцы аб'ядноўвае тынэйджараў і «альдскульных» прыхільнікаў? Што вы адчуваеце, калі чуеце або чытаеце згадкі пра вашы запісы як пра «класічныя»?

- Не так ужо і проста аналізаваць такога роду пытанні, але атмасфера на нашых канцэртах заўсёды выдатная, так што, магчыма, справа ўсяго толькі ў простым фактары адчування ўтульнасці, унутранага камфорту, якое непадуладнае ніякай папулярнай плыні, жанру або пакаленню агулам. Хард-рок - хард-рокам, але мне здаецца, што мы эвалюцыянавалі ў нешта значна больш цікавае. Што да слова «класіка», то яно нагадвае мне пра «класічны рок», і большасць музыкаў майго ўзросту скажуць вам, што гэты ярлык падобны да надмагільных камянёў на вашай шыі. Іншымі словамі, медыя і, адпаведна, усё бяздумнае насельніцтва гэтага свету не жадаюць і не чакаюць нічога іншага, акрамя як пастаяннага паўтарэння старога матэрыялу. Гэта даволі далікатны момант, так што мы проста працягваем граць для аўдыторыі, не закранутай глупствам поп-эстрады.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках