8 траўня 2024, Серада, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамяльчанін патрабуе распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў

8
Гамяльчанін патрабуе распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў

Актывіст з Гомеля Уладзімір Кацора працягвае дамагацца ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянтаў, якія затрымалі яго.

Гомельскі актывіст Уладзімір Кацора накіраваў заяву аб здзяйсненні крымінальнага злачынства міліцыянтамі на імя кіраўніка МУС і генеральнага пракурора Беларусі.

Нагадаем, 22 верасня на дарозе Гомель - Менск супрацоўнікі ДАІ маёр Ігар Лапацін і капітан Сяргей Васільчук дагналі на службовым аўтамабілі і затрымалі на некалькі гадзін пад рознымі падставамі прыватны мікрааўтобус, у якім знаходзіліся дэлегаты рэспубліканскай канферэнцыі па стварэнні кааліцыі «За сумленныя, справядлівыя выбары для лепшага жыцця».

У выніку такіх дзеянняў міліцыі дэлегаты не змаглі прыняць удзел у працы канферэнцыі. Тым самым, як лічыць Кацора, у дзеяннях міліцыянтаў угледжваецца склад злачынства, прадугледжанага артыкулам 194 Крымінальнага кодэкса (перашкода законнай дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў альбо ўмяшальніцтва ў іх законную дзейнасць, якія пацягнулі істотнае парушэнне іх правоў і законных інтарэсаў).

«Ад імя дэлегатаў заяўляю, што ў дадзеным канкрэтным выпадку мела месца выкарыстанне падначаленых Вам па службе супрацоўнікаў міліцыі ў палітычным «вышуку», - піша Кацора.

Раней з аналагічнай заявай актывіст звяртаўся ва УУС Гомельскага аблвыканкама і абласную пракуратуру.

«Аднак пракуратура Гомельскай вобласці адчапілася ад нас фармальнай адпіскай, прапанаваўшы УУС даць адказ. УУС таксама самастойнай версіі незаконным дзеянням падпарадкаваных яму па службе супрацоўнікаў прыдумаць не змагло, прапанавала даць адказ Рэчыцкай РАУС, адкуль нам паведамілі, што «выкладзеныя факты не знайшлі свайго аб'ектыўнага пацверджання». Фактычна, палкоўнік міліцыі адобрыў удзел супрацоўнікаў міліцыі ў палітычным пераследзе апанентаў дзеючай улады, тым самым схаваў факт здзяйснення супрацоўнікамі міліцыі крымінальнага злачынства, - адзначыў Кацора. - Я ўпэўнены, што па сутнасці разгляду не будзе, міліцыянты не скажуць, па чыім загадзе яны дзейнічалі. Магчыма, яны гэта рабілі па заданні КДБ. Зразумела, што капітан і маёр не самі праявілі такую ініцыятыву па нашым затрыманні, яны дзейнічалі па загадзе. Калі пачаць канкрэтна разбірацца, гэта значыць, паказаць асобу, якая дала загад. Таму плануем падаць заяву ў суд, каб прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках