26 красавiка 2024, Пятніца, 8:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ангела Меркель: Мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы беларусам

26

У офісе Хрысціянска-дэмакратычнай партыі ў Берліне адбылося пасяджэнне Еўрапейскага звяза пенсіянераў (ЕЗП) з удзелам канцлера ФРГ Ангелы Меркель.

У дадзеным пасяджэнні прыняла ўдзел і лідэр беларускай арганізацыі «Наша пакаленне» Таццяна Зялко.

Пасяджэнні выканаўчага камітэта ЕЗП з удзелам канцлера Германіі праходзяць раз у 4 гады. У гэтым годзе Ангела Меркель адкрыта адказала на ўсе пытанні пенсіянераў, якія датычацца стаўлення ЕЗ і Германіі да той ці іншай краіны. Асаблівае месца ў прамове канцлера заняла Беларусь.

- Кажучы шчыра, мяне не толькі парадавала, але і здзівіла стаўленне канцлера да нашай краіны. Напрыклад, сваю прамову яна пачала менавіта з сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, яна заявіла, што ЕЗ вельмі ўважліва сочыць за сітуацыяй у нашай краіне і шчыра спадзяецца на змены да лепшага. У канцы мерапрыемства паміж намі адбылася кароткая гутарка, падчас якой я перадала ёй некалькі «прывітанняў»: ад праваабаронцаў - кнігу праваабарончага цэнтра «Вясна» «За права на выбар», ад пенсіянераў - вышытую ўласнаручна Антанінай Піванос вышыўку.

Акрамя таго, я перадала ёй спіс палітвязняў з партрэтамі. Самае цікавае, што пасля таго, як я ёй усё гэта ўручыла, Меркель перапыніла перакладчыка і на рускай мове сказала літаральна наступнае: «Вялікі дзякуй! Мы ведаем пра сітуацыю ў вашай краіне і зробім усё магчымае, каб дапамагчы вам».

Нагадаем, што Еўрапейскі Звяз пенсіянераў з'яўляецца найбуйнейшай парасонавай пенсіянерскай арганізацыяй Еўропы, у якую ўваходзяць грамадскія аб'яднанні пажылых людзей з 27 краін ЕЗ. «Наша пакаленне» мае статус назіральніка ў гэтай арганізацыі.

Фота: «Наше поколение»

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках