25 красавiка 2024, Чацвер, 12:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: Калі вы ўсе выйдзеце на вуліцы - рэжым упадзе

84
Віктар Івашкевіч: Калі вы ўсе выйдзеце на вуліцы - рэжым упадзе

У Менску прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная святкаванню Дня Волі.

Адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктар Івашкевіч распавёў сайту charter97.org пра мэты акцыі, якая пройдзе ў Менску напярэдадні гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

«У першую чаргу, мы аддаем даніну памяці тым мужным людзям, якія 95 гадоў таму ўзялі на сябе персанальную адказнасць за лёс краіны. Не будзем забываць, што гэта адбылося ва ўмовах, якія былі нашмат складаней, чым сённяшнія. Гэта быў час сусветнай і грамадзянскай войнаў, калі любога з іх маглі спакойна расстраляць.

24 сакавіка мы выходзім на вулічную акцыю таксама і для таго, каб паказаць, што ў нашай краіне ёсць тысячы людзей, для якіх важныя ідэалы БНР - еўрапейскай дэмакратычнай незалежнай дзяржавы, якая паважае правы сваіх грамадзян», - заявіў палітык.

Віктар Івашкевіч падкрэсліў, што прыхільнікі пераменаў «павінны бачыць адзін аднаго, адчуваць локаць адзін аднаго і глядзець у вочы адзін аднаму, каб разумець, што яны не адны». Таксама ён заклікаў задумацца над тым, наколькі асабісты лёс кожнага грамадзяніна звязаны з будучыняй ўсёй краіны.

«Толькі ў вольнай і незалежнай Беларусі кожны здолее свабодна праяўляць сваю творчую, гаспадарчую і палітычную ініцыятыву і забяспечыць сабе дастойны заробак і камфортнае жыццё. Таму не трэба баяцца асабістай адказнасці за будучыню краіны», - сказаў Віктар Івашкевіч.

Палітык заклікаў усіх прыхільнікаў апазіцыі далучыцца да падрыхтоўкі акцыі.

«Хопіць ківаць на астатніх і чакаць, што нехта расклеіць улёткі ці распаўсюдзіць іншую інфармацыю. Кожны можа зрабіць гэта самастойна. І не варта чакаць, што пераменаў даможацца нехта іншы. Толькі чытачоў незалежных СМІ ў Беларусі некалькі соцень тысяч. Калі ўсё яны выйдуць на вуліцы - рэжым упадзе», - заявіў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Нагадаем, заяўка на правядзенне 24 сакавіка ў Менску вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі была пададзеная ў Менгарвыканкам 20 лютага. Мяркуецца, што збор удзельнікаў акцыі пачнецца ў 12.00 каля ўваходу ў Цэнтральны батанічны сад. Адтуль людзі, якія сабраліся рушаць у бок парку Дружбы Народаў, дзе пройдзе мітынг, які павінен скончыцца ў 15.00.

Дзень Волі прымеркаваны да гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і адзначаецца апазіцыяй штогод.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках