21 лютага 2018, Серада, 12:27
Рубрыкі

У ФРГ затрымалі былога міністра фінансаў Ірана

6

Экс-чыноўнік спрабаваў правезці чэк на 300 млн венесуэльскіх балівараў (блізу $ 70 млн даляраў).

Тахмасб Мазахеры прыехаў у Нямеччыну з Ірана праз Турцыю. Мытнікі затрымалі чыноўніка падчас догляду рэчаў у Дзюсэльдорфе. Тахмасб Мазахеры заявіў, што мае на руках 10 тыс. еўра, аднак службоўцы выявілі ў іранца чэк, выпісаны Цэнтральным банкам Венесуэлы, паведамляе РБК.

Са слоў экс-чыноўніка, названыя сродкі прызначаліся для будаўніцтва шматкватэрных дамоў на 10 тысяч кватэр, што прафінансаваў урад Венесуэлы.

Паведамленне пра затрыманне іранца было апублікавана 25 студзеня, аднак асобу мужчыны абнародавалі толькі сёння. Тахмасб Мазахеры займаў пасаду міністра эканомікі і фінансаў Ірана да 2004 года і з'яўляўся кіраўніком Цэнтральнага банка краіны да 2008 года.

Пасольства Ірана ў Нямеччыне каментаваць сітуацыю адмовілася. Згодна з патрабаваннямі заканадаўства, цяпер экс-чыноўніку пагражае штраф у суме да 1 млн еўра. Пры гэтым у дачыненні да экс-міністра можа быць распачатае расследаванне паводле абвінавачвання ў адмыванні грошай.