5 траўня 2024, Нядзеля, 17:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замест садыстаў у пагонах пакаралі збітых хлопцаў

63

На Івана Шкурко, збітага лідскімі міліцыянтамі, завялі крымінальную справу.

Яшчэ восенню мінулага года лідскія міліцыянты білі, зневажалі і катавалі двух затрыманых маладых людзей.

Абвінавачванне прад'яўлена толькі цяпер, але не супрацоўнікам міліцыі. Турма за супраціўленне прадстаўнікам улады пагражае аднаму з пацярпелых. Следчы камітэт адмаўляецца каментаваць гэтую справу, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Інцыдэнт з затрыманнем і збіваннем Івана і Багдана Шкурко адбыўся ўначы 18 лістапада ў лідскім клубе «Праспект». Браты прыйшлі на дыскатэку павесяліцца, але трапілі пад кулакі і боты аховы і адміністрацыі клуба. Кажуць, чымсьці не спадабаліся аднаму з ахоўнікаў.

«Збіванне Багдана адбывалася ў фае клуба. Першапрычына канфлікту была ў непаўналетнім ахоўніку», - кажа маці братоў Ларыса Шкурко.

Іван, як мог, спрабаваў спыніць збіццё свайго брата, развесці бакі.

«Двое выкручваюць, трэці б'е па галаве, як па футбольным мячыку, нагой. Усё гэта адбываецца ў мяне на вачах», - распавёў ён.

Праз некаторы час на дапамогу тым, хто збіваў падышлі супрацоўнікі ППСМ (патрульна-паставой службы міліцыі).

Міліцыянты затрымлівалі братоў жорстка, з ужываннем дубінкі, кайданкоў і слезацечнага газу. Іван кажа, што не чакаў такога нападу, так як яны не аказвалі супраціўлення міліцыі. Ды і не маглі з залітымі перцам вачыма. Далей ад людскіх вачэй і камер назірання міліцыянты працягвалі збіваць хлопцаў. Івана білі ў тым ліку па раней зламанай назе, а потым вырашылі паздзекавацца.

«Хлопца распранулі дагала, у аўтамабілі працягвалі збіваць, адзін з працаўнікоў міліцыі пачаў выкарыстоўваць пярцовы газ», - распавёў праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Але гэта не ўсё, што зрабілі з Іванам.

«Павезлі чалавека ў лес, збілі, ды яшчэ пасля гэтага пачалі мачыцца хлопцу на галаву. Гэта ўжо не проста катаванні, гэта катаванні з вычварэннямі», - кажа праваабаронца.

У Лідскім РАУС экзэкуцыя працягвалася. Калі маці затрыманых братоў прыехала ў міліцыю, то была шакаваная тым, што пачула.

«Я хутка забегла ў РАУС, чую глухія ўдары, стогны дзіцяці. Ён моліць, просіць: «Не чапайце мяне». І тут пярцовы газ пырснулі. Яны ўжо паміж сабой пачалі лаяцца - навошта столькі наліў, заставацца тут немагчыма», - распавяла маці Івана і Багдана.

Міліцыянты дзейнічалі настолькі жорстка, што на наступны дзень Багдан і Іван Шкурко трапілі ў шпіталь. Траўмы Івана адлюстраваны на фотаздымках і ў выснове судмедэкспертызы.

«Сінякі паўсталі ў выніку удараў прадметам даўгаватай формы (магчыма, гумовай палкай), што пацвярджаецца формай сінякоў і іх памерамі... Было не менш за 30 траўматычных узаемадзеянняў цвёрдых тупых прадметаў з рознымі абласцямі цела пацярпелага», - гаворыцца ў вытрымцы з экспертызы дзяржаўнага судмедэсперта Вольгі Трафімавай.

У выніку завялі справу. Але не на тых, хто збіваў, а на самога пацярпелага. Багдану Шкурко пагражае адміністрацыйная адказнасць за супраціўленне міліцыянтам і дробнае хуліганства. Братам Іванам заняліся пазней. У студзені яго затрымалі, і пасля збіцця ў тым жа РАУС пасадзілі на 3 дні за дробнае хуліганства. А ў лютым на хлопца завялі крымінальную справу. За супраціўленне міліцыі яму пагражае да 5 гадоў турмы. Увесь гэты час Ларыса Шкурко працягвае дамагацца справядлівасці, але пакуль што ніхто з міліцыянтаў не быў пакараны.

Катаваньні ў беларускай міліцыі - не рэдкасць. Шырока вядомым стала справа Васіля Сорочика, якога мінскія міліцыянты катаваннямі прымушалі ўзяць на сябе адказнасць за шэраг крадзяжоў. Праз пекла ў міліцыі прайшоў і мінскі прараб Павел Леўшын, на якога спрабавалі «павесіць» крадзеж труб на ўласным участку. А Паўла Плакс наогул асудзілі на 10 гадоў ўзмоцненага рэжыму, выбіўшы паказанні катаваннямі.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках