Вёскі ў Менскай вобласці застаюцца недаступныя праз снег
21- 17.03.2013, 14:46
Невялікія населеныя пункты ў сельскай мясцовасці па-ранейшаму адрэзаныя ад транспартнага злучэння.
Пра гэта піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» журналіст Сяргей Гудзілін.
У той час, як буйныя трасы ўжо паспелі ачысціць ад снегу, на невялікіх дарогах ён застаўся. Таксама шмат дзе па-ранейшаму стаяць аўтамабілі.
«У Крупскім раёне на некаторых фермах жывёлу не кормяць трэці дзень - тэхніка не можа да іх дабрацца. Асабліва моцна заблакаваныя павароты дарог ля лагчын. Заўтра да школ у сельскай мясцовасці не здолеюць дабрацца многія дзеці. У вёску Клён Крупскага раёна хлеб прывозілі апошні раз у сераду», - піша журналіст.
Такая ж сітуацыя, са слоў карыстальнікаў сацыяльных сетак, захоўваецца ў Бярэзінскім і Пухавіцкім раёнах Менскай вобласці.
Нагадаем, снегавая віхура«Хаўер» пранеслася над Беларуссю ў пятніцу і суботу. Яна выклікала гіганцкія заторы на дарогах краіны. Былі перацятыя ўсе выезды з Менска, а аўтамабільны рух у сталіцы быў цалкам паралізаваным. МНС і ДАІ толькі сёння ранкам абвясцілі аб расчыстцы галоўных трас і дазволілі выезд з Менска.