27 красавiка 2024, Субота, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці паплывуць у Сінгапур беларускія трактары?

138
Ці паплывуць у Сінгапур беларускія трактары?

Імкнуць у Сінгапур з нашымі трактарамі і «МАЗамі» гэтак жа смешна, як прапаноўваць іх Еўрапейскаму Звязу.

Увесь мінулы тыдзень Лукашэнка «напружана працаваў» у Паўднёва-Усходняй Азіі, наведаўшы Інданэзію і Сінгапур. Афіцыйная беларуская прэса паведамляе аб выгадных кантрактах і палітычных хаўрусах, мясцовыя крытыкі раяць не цешыць сябе.

Беларусь Лукашэнка пакінуў з малодшым сынам Колем і некалькімі дзясяткамі міністраў і адказных чыноўнікаў. І ўжо ў аўторак, падводзячы вынікі перамоў з прэзідэнтам Інданэзіі Сусілам Бамбангам Юдаёнам, беларускі правадыр не хаваў задавальнення, паведамляе Расейская служба ВВС.

«Я вельмі ўражаны, што паміж Беларуссю і краінамі рэгіёну ўжо ўкладзены шэраг кантрактаў абмену прадукцыяй - прыкладна на 400 мільёнаў даляраў. Гэта велізарная сума, гэта каласальны поспех», - заявіў Лукашэнка ў Джакарце.

Што ж ён шукае ў далёкім краі?

Між тым, пакуль правадыр адсутнічаў у краіне, Белстат апублікаваў чарговую зводку: складскія запасы ў Беларусі за два месяцы гэтага года выраслі на 33,8%. Кошт гэтых залежаў – 29 трлн 667,4 млрд беларускіх рублёў, гэта прыкладна 3,5 млрд даляраў.

Крыху менш - 3,1 млрд даляраў - Беларусь павінна вярнуць у гэтым годзе замежных пазык.

Менск прапанаваў Інданэзіі кар'ерныя самазвалы і цягачы, аўтобусы МАЗ, харчы. У Джакарце падпісаны трохгадовы рамкавы кантракт на пастаўку штогод па 250 тыс тон беларускіх калійных угнаенняў. Выканаўшы кантракт у гэтым годзе, Беларусь заробіць 107-108 млн даляраў, паведаміў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.

«Нітка да ніткі – беднаму сарочка» - правераны прынцып, але збіраць на «сарочку» Менску даводзіцца ўсё далей ад традыцыйных рынкаў Еўропы і Расеі, адзначаюць аналітыкі.

«Нездарма ж Лукашэнка, загадваючы міністрам стаць коміваяжорамі, абмовіўся: ідзіце туды, дзе нас не ведаюць. Дзе нас ведаюць, прыкладна ўяўляюць, наколькі састарэлі тыя машыны, якія мы вырабляем. Лацінская Амерыка намі ўжо вывучаная, у Афрыцы няма чаго лавіць. Інданезія - катастрафічна бедная краіна, тут няма тых грошай, якія мы шукаем», - заўважае палітолаг Віктар Марціновіч, які вывучаў азіяцкі рэгіён.

«Паркаль маю і парчу»

У Сінгапуры беларуская дэлегацыя прадэманстравала галоўны козыр - «Беларуськалій».

«Мы прынцыпова гатовыя прадаць мінарытарны пакет, але ніхто сёння не кажа аб продажы кантрольнага пакета, - заявіў Уладзімір Сямашка. - Калі патэнцыйны інвестар пагаджаецца з тым, што ўвесь пакет акцый каштуе 32-35 млрд даляраў, то мы гатовыя садзіцца і размаўляць».

Паведамленняў аб тым, ці спакусілася «Беларуськаліем» далёкая краіна, не паступала, але беларускія аналітыкі не прамінулі заўважыць, што кошт прыкметна падрос у параўнанні з тым, што калісьці прапаноўваўся расейцам (30 мільярдаў даляраў).

На бізнэс-форумах у Інданэзіі і Сінгапуры прадстаўнікі Менска распавядалі аб аб'ёмных і даступных рынках Мытнага саюза і досведзе прамысловай кааперацыі і стварэння зборачных вытворчасцей «ад Расіі да Венесуэлы».

Сінгапурцаў беларускі віцэ-прэм'ер запрашаў у «надзвычай выгадны бізнэс» у галіне нафтахіміі, паведаміўшы, што 70% вырабленых беларускімі заводамі нафтапрадуктаў экспартуюцца, а нафту для перапрацоўкі «мы купляем за палову сусветнага кошту».

«Беларусь знаходзіцца ў ліку найбольш актыўных рэфарматараў, мы гатовыя да ўсялякіх інвестыцый, уключана з канцэсійнымі пагадненнямі. Наша заканадаўства гарантуе ўсе правы інвестарам, створаныя высокатэхналагічныя прадпрыемствы атрымліваюць стымулюючыя падатковыя пакеты», - заявіў першы віцэ-прэм'ер урада Уладзімір Сямашка.

З паведамленняў беларускай прэсы, у Сінгапуры былі ўкладзеныя кантракты на пастаўку шын у Малайзію і Інданэзію на суму 500 тыс еўра, а ў выніку бізнэс-форуму падпісаныя 8 мемарандумаў і адно пагадненне аб намерах.

Сінгапур, з паведамленняў чыноўнікаў, выказаў гатоўнасць удзельнічаць у ствараемым пад Менскам беларуска-кітайскім індустрыяльным парку. Фармат удзелу - супольная кіраўнічая кампанія, альбо прывабліванне інвестара з Сінгапура - яшчэ ўдакладняецца, растлумачыў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

Беларускія незалежныя экспэрты адрэагавалі на навіну скептычна.

«Я ўпэўнены, што сярод сінгапурскіх фінансістаў ёсць людзі, якія працуюць у інтэрнэце і могуць звярнуцца да статыстыкі. Бо ў мінулым годзе адбылося павелічэнне грашовай базы [у Беларусі] на 48%. Краіна, якая пры гадавым росце ВУП у 1,5%, выпускае грошай на 40-50% больш, з'яўляецца небяспечнай у плане эканамічнага супрацоўніцтва», - заявіў апазіцыйнаму сайту charter97.org кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. І дадаў: «Дамоўленасці могуць быць дасягнутыя ў нейкіх дробных угодах, але прафесійнымі фінансістамі Беларусь не ўспрымаецца сур'ёзна».

Кітай і не заўважыў?

Завабліванне ў беларуска-кітайскі праект новага «гульца» наўрад ці выкліча абурэнне ў Паднябеснай, упэўнены палітолаг Віктар Марціновіч.

«Кітайскімі элітамі, як і наогул у гэтым рэгіёне Азіі, кіруе іншая логіка - не любові і нянавісці, дружбы і падтрымкі, як элітамі Расеі. На рынках краін, якія наведаў Лукашэнка, пануе Кітай. З Кітаем немагчыма канкураваць, тым больш, беларускім заводам, дзе рабочыя сядзяць на сацыяльным пайку», - кажа Марціновіч.

Спадзявацца на «беларускі прарыў» у Сінгапуры, на ягоную думку, было наіўна.

«Сінгапур - краіна высокаразвітая, сабекошт прадукцыі там ніжэйшы. І імкнуцца туды з нашымі трактарамі і «МАЗамі» гэтак жа смешна, як прапаноўваць іх Еўрапейскаму Звязу. Я думаю, нашы прапановы ўжо сталі там анекдотам», - заўважыў Марціновіч.

Беларускага прарыву ў Азію не заўважыла і Расея, упэўнены менскі аналітык Раман Якаўлеўскі, хоць у Інданэзіі Менск і Джакарта падпісалі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў адчувальнай для Масквы сферы - абароннай прамысловасці.

«Рынак у гэтым рэгіёне забіты расейскай вайскова-тэхнічнай прадукцыяй. Меркаваць, што Масквой даручана Лукашэнку тайна прадаць нешта новае ці забароненае, наіўна - Расеі такі пасярэднік для трансляцыі сваіх інтарэсаў непатрэбны, ён даўно страціў давер», - упэўнены Якаўлеўскі.

Між тым беларускія чыноўнікі паведамляюць, што ў Інданэзіі зацікавіліся сістэмамі кіравання і разведкі, магчымасцямі мадэрнізацыі ўзбраення і тэхнікі.

«Сярод савецкіх узораў у Інданэзіі толькі авіяцыйная тэхніка, а ўсё астатняе - прадукцыя іншых вытворцаў, - цытуе беларуская прэса кіраўніка Дзяржваенкама Сяргея Гурулёва. - Але гэта ні пра што не кажа. Мы на жаданні інданэзійскай стараны гатовыя адаптаваць усялякую тэхніку, зацікаўленасць у Інданэзіі ёсць».

Працяг будзе

У Інданэзіі і Сінгапуры высокая дэлегацыя з Менска дамовілася актывізаваць узаемадзеянне ў рамках міжнародных арганізацый.

«Мы гаварылі аб падтрымцы адзін аднаго на міжнароднай арэне, актыўным узаемадзеянні ў рамках ААН, у тым ліку і ў такіх адчувальных пытаннях, як правы чалавека», - заявіў журналістам у чацвер у Сінгапуры міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Пастанавілі «шчыльна кантактаваць у рамках Форуму малых дзяржаў, рухальнай сілай якога з'яўляецца Сінгапур». Сінгапур запэўніў, што будзе садзейнічаць акрэдытацыі беларускага амбасадара пры АСЕАН, Інданэзія ў гэтым міжнародным хаўрусе паабяцала Менску падтрымку.

«Я ў сваю чаргу прэзідэнту абяцаў падтрымку Інданэзіі ў супрацоўніцтве з Мытным саюзам», - заявіў у Джакарце правадыр беларускай дзяржавы.

У пятніцу ён і суправаджальныя яго чыноўнікі накіраваліся з Сінгапура ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Коля Лукашэнка таксама ўбачыць Блізкі Усход - балазе ў яго з наступнага тыдня пачынаюцца школьныя канікулы.

Напісаць каментар 138

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках