2 траўня 2024, Чацвер, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пэрвэз Мушараф вярнуўся ў Пакістан

Былы прэзідэнт Пакістана Пэрвэз Мушараф вярнуўся ў краіну.

Пра гэта паведамляе Lenta.ru са спасылкай Agence France-Presse. Ягоны самалёт прызямліўся ў Карачы раніцай 24 сакавіка. Мушараф вярнуўся ў Пакістан, каб узяць удзел ва ўсеагульных выбарах, якія адбудуцца 11 траўня.

Мушараф, які вылецеў раніцай з Дубаі, вывесіў фатаграфіі з самалёта і са сустрэчы з паплечнікамі ў Карачы на сваёй старонцы ў Facebook. Згадаўшы пра нядаўні тэракт у Паўночным Вазірыстане, у выніку якога загінулі 17 чалавек, ён заявіў, што «мы павінны задушыць тэрарызм і экстрэмізм».

Рух «Талібан», які з'яўляецца цяпер вельмі ўплывовым у Пакістане, прыстрашыў забіць Мушарафа і нават заявіў аб тым, што падрыхтаваў каманду тэрарыстаў-смяротнікаў для гэтай задачы. У выніку паліцыя была вымушаная скасаваць урачысты мітынг прыхільнікаў экс-прэзідэнта, запланаваны да ягонага прыезду.

Пэрвэз Мушараф, генерал пакістанскага войска, захапіў уладу ў краіне ў 1999 годзе ў выніку бяскроўнага перавароту. У 2008-м ён сышоў з прэзідэнцкай пасады, саступіўшы яе абранаму на выбарах таго года Асіфу Алі Зардары. Пасля гэтага ён на некалькі гадоў пакінуў краіну і жыў у Лондане.

Мушараф атрымаў вядомасць як жорсткі змагар з тэрарызмам, стаўшы ключавой фігурай «вайны з тэрорам», якая была абвешчана экс-прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым. Ён перажыў тры замахі тэрарыстаў з «Аль-Каіды».

У ліпені 2007 года ён загадаў штурмаваць сталічную мячэць, дзе забарыкадаваліся радыкалы. Пасля гэтага Пакістан перажыў беспрэцэдэнтны разгул тэрарызму. Адзін з тэрактаў прывёў да смерці вядомага палітыка Беназір Бхута ў Равалпіндзі, у чым некаторыя апазіцыянеры абвінавачвалі Мушарафа.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках